Мясніковіч ведае нейкую таямніцу?


Беларускі прэм’ер-міністр заявіў, што ў найбліжэйшы час краіна выйдзе на раўнаважны абменны курс беларускага рубля ва ўсіх сегментах валютнага рынку.

«Так, мы перажываем некаторыя цяжкасці на валютным рынку, але думаю, што ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваныя», – заявіў Міхаіл Мясніковіч падчас сустрэчы з кіраўніком ураду Азербайджану Артурам Расізадэ.

Міжтым кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук зазначае, што, калі меркаваць па макраэканамічных паказніках, падставаў для такіх аптымістычных заяваў няма. Да таго ж у беларускай эканоміцы існуе яшчэ процьма нявырашаных праблемаў, нагадвае эканаміст: «Дагэтуль нічога не зразумела з прыватызацыяй, з атрыманнем крэдытаў, тымі 8–10 мільярдамі долараў, што неабходныя на пакрыццё кароткачасовай запазычанасці».

«Хіба Мясніковіч нешта ведае наконт таго, што з крэдытамі яму можа дапамагчы, напрыклад, той жа Азербайджан ці іншыя краіны, таму і робіць такія смелыя заявы», – выказвае здагадку Яраслаў Раманчук. Аднак эканаміст адзначае, што ўсе гэтыя заклінанні, якімі апошнім часам улады імкнуцца лекаваць беларускую эканоміку, нагадваюць яму сітуацыю, калі цяжкахвораму замест аперацыі прапаноўваюць паслухаць салодкія прамовы шарлатанаў.

belsat.eu

Стужка навінаў