Хакей за 2 мільярды долараў


Улады падлічылі, колькі грошай спатрэбіцца на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Менску. Дакладная лічба – $ 2,26 млрд.

Паводле старшыні ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Менгарвыканкаму Аляксея Пракаповіча, сума ўзгодненая з старшынём выканкаму і кіраўніцтвам дзяржавы. Якія планы маюць гарадскія ўлады? “Найперш прадугледжанае развіццё гатэльнай інфраструктуры. У нас фактычна няма недарагіх гостэлаў, дзе маглі б змясціцца госці спаборніцтва. У сталіцы з’явіцца дадаткова 14 гатэляў, пераабсталююць студэнцкія інтэрнаты. Муніцыпальныя гатэлі адрамантуюць, яны маюць зрабіцца больш камфортнымі. Шмат сродкаў закладзена на стварэнне гандлёвых пунктаў, па ўсім горадзе будуць кавярні ды рэстарацыі. Зменіцца і транспартная сетка Менску”, – патлумачыў чыноўнік.

Да пачатку спаборніцтва ў Менску мае з’явіцца дадатковая лядовая пляцоўка – “Арэна” ў Чыжоўцы, а ў Нацыянальным аэрапорце пабудуюць дадатковую ўзлётную паласу.

Гарадскія ўлады спадзяюцца, што праекты зацікавяць інвестараў, але і дзяржаўныя сродкі будуць задзейнічаныя. “На самым высокім узроўні зацікаўленыя ў паспяховым правядзенні чэмпіянату, – кажа спадар Пракаповіч. – Спаборніцтва стане візітнаю карткаю спартовай Беларусі, таму грошай на гэта ўрад не пашкадуе”.

Апазіцыйныя актывісты настойваюць на тым, што правядзенне чэмпіянату ў Беларусі немагчымае, пакуль у краіне застаюцца палітвязні. Кажа кіраўнік гомельскага аддзялення руху “За свабоду” Пётр Кузняцоў: “Я добра разумею, што шмат якія з беларусаў могуць не падтрымаць гэтай ініцыятывы: маўляў, апазіцыянеры хочуць пазбавіць Беларусь спартовага свята. Але маё меркаванне такое: калі ў краіне ёсць палітычныя зняволеныя, для сучаснай дзяржавы – гэта жалоба. Гэта насамрэч жалоба і трагедыя таго маштабу, калі наагул усе забаўляльныя імпрэзы трэба забараняць. Мы не можам жыць надзеямі на нейкія святы, калі людзі бязвінна застаюцца за кратамі, калі ўлады і не думаюць спыняць сваю рэпрэсіўную машыну”.

Міжнародная асацыяцыя хакею пакуль пакінула без зменаў рашэнне пра тое, што чэмпіянату свету 2014 г. у Менску – быць. Аднак і актывісты, і еўрапейскія парламентарыі працягваюць пісаць у асацыяцыю пра немэтазгоднасць такога рашэння.

belsat.eu

Стужка навінаў