Алег Волчак: Першы крок да «халоднай» грамадзянскай вайны


https://youtu.be/LmwqPzzdK08
“Даходзіць да таго, што людзі неўзабаве пачнуць ненавідзець не толькі міліцыю, але і судовую сістэму. Тое, што цяпер адбываецца, – гэта першыя крокі да “халоднай” грамадзянскай вайны”, – заявіў праваабаронца Алег Волчак у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Адвольныя арышты ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў і выпадковых мінакоў, збіццё міліцыянтамі ў цывільным затрыманых, у тым ліку жанчын, і да ўсяго – несправядлівыя судовыя рашэнні. Алег Волчак заклікае грамадзянаў змагацца з бяспраўем праз скаргі.

“Трэба калектыўна складаць лісты генпракурору Васілевічу, каб прымусіць Генпракуратуру адказаць на пытанні: чаму разглядаюць пратаколы позна, трымаючы людзей за кратамі, чаму грамадскасць не дапускаюць на працэсы, чаму такія злоўжыванні з боку міліцыі, суддзяў? Трэба пісаць таксама і міністру юстыцыі. Грамадзяне мусяць не толькі ў інтэрнэце актыўна выказваць сваё абурэнне, але і на паперы пісаць”, – лічыць юрыст.

Падчас судовых разбіральніцтваў у будынках судоў перасталі вывешваць спісы адміністратыўных справаў, таму часам немагчыма даведацца, каго і калі судзяць. “Хаваюць спісы, бо баяцца ціску з боку грамадскасці, у першую чаргу – суддзі, па-другое, баяцца “сведкаў” – людей у цывільным, што хапалі ды складалі потым рапарты”, – лічыць Алег Волчак.

“Мы фіксуем усе прозвішчы – хто захопліваў людзей, хто з пракурораў назіраў, хто з суддзяў судзіў. Надалей мусіць быць прыняты закон аб рэабілітацыі і, вядома, закон аб люстрацыі ў дачыненні тых, хто цяпер перавышае паўнамоцтвы”, – дадаў праваабаронца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары