ЗША заклікаюць вызваліць усіх затрыманых на акцыях пратэсту


Злучаныя Штаты Амерыкі занепакоеныя “ўсё больш жорсткаю тактыкаю, якая ўжываецца ўладамі Беларусі супраць дэманстрантаў і журналістаў” падчас мірных акцыяў пратэсту, заявіла 7 ліпеня на брыфінгу ў Вашынгтоне прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Вікторыя Нулэнд.

“Сотні пратэстоўцаў, разам з больш як 20 журналістамі, якія асвятлялі пратэсты, былі затрыманыя падчас апошняй дэманстрацыі 6 ліпеня, – канстатавала Нулэнд. – Мы заклікаем урад Беларусі вызваліць усіх затрыманых і паважаць правы грамадзянаў Беларусі, у тым ліку права на свабоду сходаў. Мы працягваем заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”.

Паводле праваабаронцаў, увечары 6 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі былі затрыманыя прыкладна 400 чалавек, у тым ліку ў Менску каля 190 чалавек, з якіх прыкладна 90 ужо асуджаныя. Суды маюць працягнуцца сёння.

Агулам за час правядзення акцыяў маўклівага пратэсту, арганізаваных групаю “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, якія праходзяць у Беларусі з 8 чэрвеня, было затрымана каля 1730 чалавек, у тым ліку і журналісты.

belsat.eu

Стужка навінаў