"Рэпарцёры без межаў": арышты журналістаў павінны спыніцца


“Улады цяпер сталі даволі паранаідальна ставіцца да асвятлення журналістамі дэманстрацый, паколькі сам факт, што так шмат людзей выходзіць на дэманстрацыі, спрыяе мабілізацыі. Я думаю, яны проста баяцца самой інфармацыі”, — лічыць кіраўнік аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі “Рэпарцёраў без межаў” Іаган Бір.

Праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” асудзіла арышты журналістаў падчас маўклівых пратэстаў, якія прайшлі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі 6 ліпеня. “Амаль штодзённыя масавыя арышты журналістаў павінны неадкладна спыніцца”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі.

“Рэжым Лукашэнкі паказвае сваё сапраўднае аблічча, у той час як узмацняюцца яго палітычная ізаляцыя і эканамічны заняпад у краіне. Але шалёныя рэпрэсіі, якія толькі пагоршаць напружанасць, не з’яўляюцца рашэннем, — мяркуюць “Рэпарцёры без межаў”. — Урад павінен звярнуць увагу на спробы міжнароднай супольнасці паказаць яму прычыну праблемы”.

Кіраўнік аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі “Рэпарцёраў без межаў” Іаган Бір лічыць, што рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх журналістаў выкліканыя тым, што “акцыі маўклівага пратэсту арганізоўваюцца праз медыя, у першую чаргу праз інтэрнэт-медыя, бо яны называюцца “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”. Акрамя таго, паводле меркавання Біра, “улады даволі добра зразумелі важнасць вядзення інфармацыйнай вайны”. У якасці прыкладу ён прывёў старонку, заведзеную ГУУС Менгарвыканкама ў сацыяльнай сетцы Twitter.

У прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамляюць, што падчас акцыі 6 ліпеня па краіне было затрымана 28 журналістаў.

belsat.eu

Стужка навінаў