За што?


Самае частае пытанне, якое задавалі сваякі асуджаных пасля акцыі 6 ліпеня.

Відавочна, што большасць затрыманых не былі ўдзельнікамі акцыі маўклівага пратэсту. Яны не збіраліся пратэставаць, а проста апынуліся ў той час у адным з цэнтраў збору пратэстоўцаў. Аднак, як кажуць некаторыя з іхніх сваякоў, наступным разам яны будуць на плошчы ў якасці ўдзельнікаў.

«Ні я, ні мая жонка не збіраліся ўдзельнічаць у гэтай акцыі: яна проста вярталася дадому. Але цяпер такая злосць, што, шчыра кажучы, я гатовы пайсці на наступную акцыю», – кажа муж адной з асуджаных Аляксей Паляжай.

«Яго вымусілі прызнацца ў лаянцы матам, дзеля мякчэйшага прысуду, хоць ён гэтага не рабіў! І яму далі 10 дзён арышту… За што? Ганьба ўладзе, якая дазваляе такому здарыцца!» – кажа Анатоль Сасім, айчым арыштаванага.

Іншыя былі разгубленыя, як Любоў Сідарэйка, маці арыштаванага. «Мы проста пайшлі пашпацыраваць, з’есці марозіва. Сустрэла знаёмую, а ён крыху далей стаў, я гляджу: да яго ляцяць шэсць ці сем гэтых бугаёў з адмарожанымі вачыма. 10 содняў – за што? Калі мала яму грошай, я буду аддаваць яму ўсю пенсію – хай забірае для сябе, для свайго Колі, гэты вусаты».

Паводле звестак праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі ўчора затрымалі каля 400 чалавек, у тым ліку прыкладна 190 асобаў – у Менску. Афіцыйнай інфармацыі пра колькасць затрыманых няма.

Агулам за час правядзення акцыяў, арганізаваных групаю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», што праходзяць у Беларусі з 8 чэрвеня, было затрымана прыкладна 1730 чалавек, у тым ліку 980 асобаў – у Менску. Большасць з іх, паводле звестак праваабаронцаў, пакараныя штрафамі ды адміністратыўнымі арыштамі. Шмат каго адпускалі пасля зняцця адбіткаў пальцаў. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што гэтыя звесткі – не канчатковыя, бо сабраць поўную інфармацыю цяжка з-за закрытасці судоў і адсутнасці спісаў.

belsat.eu

Стужка навінаў