4016 дзён або роўна 11 гадоў таму знік Дзмітрый Завадскі


7 ліпеня 2000 г. аператар тэлеканалу ОРТ знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Менск-2». Да гэтае пары нічога не вядома пра лёс журналіста.

Што праўда, гэта не замінае ўладам лічыць справу аб выкраданні Завадскага раскрытаю. Абвінавацілі ў злачынстве афіцэраў спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка, якія атрымалі пажыццёвае зняволенне, курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза, якому далі 25 гадоў пазбаўлення волі, і асуджанага на 12 гадоў турмы Сяргея Савушкіна з трыма судзімасцямі, які цяпер ужо на волі.

На жаль, працэсы праводзіліся ў закрытым парадку, таму доказы віны асуджаных не выйшлі за сцены суда. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі, а цела Дзмітрыя Завадскага так і не знайшлі.

У 1999–2000 гг., акрамя Дзмітрыя, у Беларусі зніклі: першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнесовец і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка.

Незалежная грамадскасць падазрае ў арганізацыі знікнення шэраг высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, былога сакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана, былога кіраўніка МУС Юрыя Сівакова і экс-камандзіра СОБРу Дзмітрыя Паўлічэнку. Усім ім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША.

У чэрвені 2009 г. Аляксандр Лукашэнка распавёў у інтэрв’ю расейскай газеце «Завтра», што выкрадзеныя асобы насамрэч забітыя. Што праўда, не на ягоны загад, а нібыта «на камерцыйнай глебе»: «Загінулі тры чалавекі, а СМІ круцяць гэта дагэтуль. Лукашэнка іх забіў як супернікаў рэжыму. Насамрэч у двух выпадках – гэта забойства на камерцыйнай глебе: абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцання і былі забітыя, як гэта водзіцца ў паўбандыцкім асяроддзі. След забойцаў нядаўна выяўлены ў Германіі. Або Дзмітрый Завадскі з Першага каналу. Які ён мне супернік, чалавек з сярэдняй адукацыяй? – запытаў Аляксандр Лукашэнка, выпускнік Магілёўскага педінстытуту. – Чаму я павінен быў яго знішчаць? Вы хочаце ведаць пра гэта праўду? Была ваенізаваная група ў Беларусі, узначаленая нейкім Ігнатовічам, вельмі падрыхтаваныя хлопцы са спецназу СССР. Яны паехалі ў Чэчэнію падчас вайны і ваявалі на баку Масквы. Яны лазілі па скалах, сядзелі ў засадах, наводзілі страх на сепаратыстаў. Гэта была вельмі моцная, апорная група. Паваявалі і вярнуліся дадому. Прыязджаюць да іх Шарамет і Завадскі здымаць сюжэт для расейскага тэлебачання. У гэтым сюжэце было сказана, што вось гэтыя беларускія грамадзяне ваююць на баку чэчэнскіх сепаратыстаў супраць федэральных войскаў. Узялі інтэрв’ю ў гэтага Ігнатовіча, а потым сказалі, што ён ваяваў супраць рускіх. Шарамет выкруціўся, а Завадскага злавілі. Пачалі з мужчынскіх разборак: «Навошта ж ты нас абгаварыў?» І забілі Завадскага. Ігнатовіч атрымаў пажыццёвае зняволенне і ўтрымліваецца ў нашай калоніі. Загінуў аператар, а гэты правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсякія гадасці пра Беларусь», – заявіў Лукашэнка.

belsat.eu
https://youtu.be/JMN0FND7nR0
https://youtu.be/I0o0zKGYDyY

Глядзі таксама
Каментары