Анатоль Лябедзька мяркуе, што ад’езд Лукашэнкі – самы аптымальны варыянт


Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Еўропе забраць сабе ўсіх незадаволеных.

«Калі там, у ЕЗ, хочуць іх сабе забраць, то заўтра квіток выпішам і адправім. Не пытанне. Хай забіраюць. Калі яны такія заступнікі за палітвязняў, то заўтра ў адзін вагон пасадзім. Я прыму рашэнне (а я маю права яго прыняць), і ўсіх, і нават тых, хто сёння застаўся на волі і мычыць на плошчах, усіх, за каго яны рупяцца, заўтра ў вагон – і туды», – заявіў Лукашэнка журналістам падчас працоўнай паездкі ў Шклоў.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў беларускай чыгункі не хопіць магутнасцяў, каб выправіць усіх незадаволеных палітыкай уладаў. Палітык нагадвае, што згодна з апошнім апытаннем НІСЭПД да 75 % насельніцтва краіны не згодныя з тым, што робіць улада ў эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай сферах жыцця.

Разам з тым, Анатоль Лябедзька адзначае, што «нязгодныя не згодныя» з’язджаць з краіны, таму і змагаюцца за паляпшэнне сітуацыі: «Хіба што Аляксандр Рыгоравіч паўторыць учынак Іосіфа Сталіна і, як той калісьці чачэнцаў, вывезе беларусаў». Аднак апазіцыйны палітык гаворыць, што ёсць іншы шлях вырашыць праблему, і прапаноўвае Аляксандру Лукашэнку і ягонаму атачэнню на прэзідэнцкім «Боінгу» пакінуць краіну. «Гэта было б найлепшым выйсцем для ўсіх», – упэўнены Анатоль Лябедзька.

Што датычыць заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што ён не гатовы гандляваць палітвязнямі, бо «гэта таксама людзі, добрыя яны, дрэнныя – гэта чалавечыя лёсы», то Анатоль Лябедзка ўпэўнены, што кіраўнік дзяржавы лукавіць: «У нас заўсёды апанентаў улады саджалі ў турмы не для таго, каб іх перавыхоўваць, а каб пагандляваць імі за тую ці іншую палітычную ці эканамічную саступку».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары