Вынік кітайскіх інвестыцыяў: новы дэфіцыт – цэмент


Будаўнічы матэрыял знік з крамаў, яго набываюць з рук.

Дэфіцыт з цэментам у летні перыяд – не навіна для будаўнічых кампаніяў. Менавіта ў гэты час пачынаецца актыўная будоўля, таму матэрыялы купляюць загадзя. Тыя, хто не паклапаціўся пра развязанне праблемы, цяпер не могуць працаваць на поўную моц.

Распавядае працаўнік дзяржаўнага будаўнічага трэсту Дзмітрый Панок: «Для працы нам трэба тры–чатыры вагоны цэменту, а мы кожны раз з цяжкасцю выбіваем адзін. У выніку прастой на будоўлі».

Для невялікага рамонту цэмент давядзецца пашукаць па ўсім горадзе. Перакупшчыкі прапаноўваюць 25 кг будматэрыялу за 80 тыс. руб. У краме ён каштуе 15–25 тыс. руб. У будаўнічым гіпермаркеце «Ома» кажуць, што пакуль тавар пастаўляюць, але попыт на яго вельмі вялікі. «За некалькі гадзінаў усё раскупляюць. Думаю, баяцца падаражання. На пачатку месяца кошт сапраўды ўзняўся», – патлумачыла кансультант крамы.

Паводле афіцыйных звестак, тры айчынныя заводы (у Крычаве, Касцюковічах і Ваўкавыскім раёне) вырабляюць каля 4,5 млн тонаў цэменту на год пры ўнутраных патрэбах краіны аб’ёмам 6,5 млн тонаў. Вырашыць гэтую праблему мусіў увод у эксплуатацыю трох высокатэхналагічных лініяў вырабу цэменту, якія беларускі бок узводзіць на двух пляцоўках разам з кітайскаю кампаніяй CITIC.

Мяркуецца, што пасля рэалізацыі праекту, агульны кошт якога ацэньваецца на 1,3 млрд долараў, у краіне дадаткова будзе вырабляцца больш за 5 млн тонаў цэменту, што дасць магчымасць яго нават экспартаваць. Аднак пакуль працы ідуць з вялікім адставаннем ад графіку. Паводле крыніцы з Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, прычына ў «няякаснай падрыхтоўцы праектнай дакументацыі, у тым ліку кітайскімі партнёрамі, і вельмі нізкім узроўні спецыялістаў, дасланых да нас з Кітаю».

На меркаванне эканаміста Сяргея Юркова, няўдала быў зроблены выбар інвестара. «Кітайцы даюць звязаныя крэдыты – не наўпроствыя грошы, а абсталяванне, тэхналогіі, працоўную сілу. Напрыклад, лінія, адкрытая імі на «Краснасельскбудматэрыялах» рамантуецца ўжо трэці раз. І кіраўніцтва заводу ў разгубленасці: разарваць дамову немагчыма, бо Кітай – гэта яшчэ і стратэгічны партнёр беларускіх уладаў, але і працаваць далей у такім тэмпе невыгодна».

belsat.eu

Стужка навінаў