Андрэй Бастунец: Хочацца паглядзець Куляшову ў вочы


Падчас маўклівай акцыі пратэсту 6 ліпеня па ўсёй Беларусі затрымалі 24 журналістаў.

Як паведамілі “Белсату” ў грамадскім аб’яднанні “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, большасць прадстаўнікоў прэсы адпусцілі ў той жа вечар. Сямёра рэпарцёраў дагэтуль застаюцца за кратамі. Судоў чакаюць незалежны журналіст з Менску Сяргей Кавалёў, карэспандэнты “Бабруйскага кур’еру” Віктар Масаловіч і Віктар Качан, журналісты “Бабруйскага рэгіянальнага парталу” Сяргей Лацінскі і Аляксандр Сушчэўскі, магілёўскі карэспандэнт агенцтва БелаПАН Алесь Асіпцоў, а таксама незалежная тэлежурналістка з Маладзечна Вольга Рудніцкая.

Дзеянні сілавікоў супраць незалежных журналістаў шторазу ўсё больш брутальныя, зазначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец. Ён мяркуе, што гэта звязана з тым, што “невядомыя ў цывільным”, калі кідаюцца на маўклівых акцыях на мінакоў, цудоўна разумеюць, што дзейнічаюць незаконна: “Таму і імкнуцца знішчыць усе дакументальныя сведчанні гэтага або нейтралізаваць журналістаў яшчэ да пачатку “спецаперацыяў”.

Андрэй Бастунец нагадвае, што ГА “БАЖ” неаднаразова звярталася ў МУС і пракуратуру з напамінам пра недапушчальнасць парушэння правоў журналістаў. Гэтым разам арганізацыя спрабуе дамагчыся асабістай сустрэчы з міністрам унутраных справаў Анатолем Куляшовым. Адпаведны ліст за подпісам старшыні арганізацыі Жаны Літвіной накіраваны Анатолю Куляшову 6 чэрвеня.

“Збіраемся абмеркаваць са спадаром міністрам факты масавых брутальных затрыманняў журналістаў. Яшчэ раз нагадаць яму, што ягоныя падначаленыя гэтак парушаюць не толькі нормы міжнароднага права, але і беларускія законы. Урэшце, хочацца папросту паглядзець у вочы гэтаму чалавеку і пачуць адказы на пытанні, якія хвалююць”, – зазначае Андрэй Бастунец.

belsat.eu

Стужка навінаў