Менш за ўсё подпісаў Рымашэўскі сабраў у Шклове


Прэтэндэнт на прэзідэнцтва ад БХД Віталь Рымашэўскі сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Такія звесткі а 15:30 паводле менскага часу агучылі ў ініцыятыўнай групе прэтэндэнта.

Болей за ўсё подпісаў дзеля падтрымання Віталя Рымашэўскага сабралі ў Менску (34,5 тыс.), Берасці (11,1 тыс.) і Бабруйску (8,3 тыс.). Меней за ўсё – на палітычнай радзіме Аляксандра Лукашэнкі, у Шклове (2,4 тыс.).

Як паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу прэтэндэнта Павал Севярынец, збор працягнецца да апошняга дня – 29 кастрычніка. “Подпісы трэба здаць з запасам, каб у Цэнтрвыбаркаму не было падстаў адмовіць нашаму кандыдату ў рэгістрацыі”, – гаворыць Павал Севярынец.

Усталяваную законам планку пераадолелі ўжо дзесяць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Першымі былі групы дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ды лідара кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева.

Неабходную колькасць подпісаў таксама сабралі намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, лідар кампаніі “Еўрапейская Беларусь”Андрэй Саннікаў, эканаміст Віктар Цярэшчанка, прадпрымальнік Уладзімір Правальскі, кіраўнік саюзу “За мадэрнізацыю” Алесь Міхалевіч, лідар сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і прадпрымальнік Дзмітрый Вус.

belsat.eu

Стужка навінаў