«Народныя гулянні» ў новым фармаце (он-лайн)


Паводле планаў арганізатараў, чарговы этап «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» ў Менску пачнецца каля пад’ездаў дамоў, потым удзельнікі пойдуць да ЖЭСаў, а далей – у кропку збору ў сваім раёне:

* у Цэнтральным раёне да Палацу спорту,
* у Савецкім раёне да парку Дружбы народаў (Бангалор),
* у Першамайскім раёне да Нацыянальнай бібліятэкі,
* у Партызанскім раёне да Менскага трактарнага заводу,
* у Заводскім раёне да ўнівермагу «Беларусь»,
* у Ленінскім раёне да гандлёвага цэнтру «Гіпа»,
* у Кастрычніцкім раёне да Палацу культуры чыгуначнікаў,
* у Маскоўскім раёне да гандлёвага цэнтру «Тытан»,
* у Фрунзенскім раёне да Лядовага палацу.

На гэтых месцах удзельнікі плануюць быць а 20:00. У рэгіёнах акцыі пройдуць, як звычайна, на цэнтральных плошчах гарадоў а 19:00.

21:12

Акцыя фактычна скончылася, аднак «ціхары» і працаўнікі міліцыі ў чорным яшчэ патрулююць горад. У цэнтры каля кожнага выхаду з метро па 6–7 «ціхароў» з рацыямі.

20:53

Каля Акадэміі навук затрымалі праваабаронцу Кацярыну Садоўскую. Удзельнікаў акцыі каля «Гіпа» ў Менску адвезлі ў Ленінскі РУУС. Усяго затрымалі каля 17 асобаў. Удзельнічалі ў акцыі каля 100 чалавек.

Барысаў. На галоўную плошчу прыехаў легкавік, з якога на максімальнай гучнасці гучалі воплескі.

Горадня. Польскую журналістку Агнешку Ліхнэровіч выпусцілі з пастарунку.

20:40

Бабруйск. Затрымалі аператара, які супрацоўнічае з Белсатам, Віктара Масаловіча.

Менск. Затрымалі незалежнага журналіста Сяргея Кавалёва.

20:36

Каля ўнівермагу «Беларусь» працаўнікі міліцыі пайшлі прасцейшым шляхам: спынілі мікрааўтобус, набілі яго людзьмі і павезлі ў пастарункі. У гэты час адпусцілі журналістаў НТВ. Прозвішча затрыманага карэспандэнта «Еўрарадыё» – Елісееў.

20:33

Горадня. Падчас акцыі затрымалі карэспандэнтку польскага радыё «TOK FM» Агнешку Ліхнэровіч. Цяпер яна ў міліцэйскім пастарунку разам з астатнімі затрыманымі.

20:31

Каля гандлёвага цэнтру «Тытан» затрымалі журналістку інтэрнэт-выдання «Салідарнасць» Алену Якжык, а таксама журналіста «Еўрарадыё» Андрэя (прозвішча журналістка не паспела сказаць), разам з імі ў аўтобусе яшчэ 15 чалавек затрыманых.

20:28

Глыбокае. У цэнтр горада выйшла 7 чалавек. З іх затрымалі чацвярых.

20:20

Каля Лядовага палацу акцыя скончылася. «Ціхары» ў цывільным пагражалі карэспандэнтцы «Белсату» затрыманнем. Ягора Марціновіча і Антона Матольку ўсё ж такі не адпусцілі. Іх вязуць у Фрунзенскі РАУС. Затрымалі таксама журналістаў НТВ, яны цяпер у будынку палацу.

Месца збору каля Нацыянальнай бібліятэкі практычна пустое. Удзельнікі акцыі збольшага разышліся. Міліцыянеры і «ціхары» яшчэ стаяць.

Каля гандлёвага цэнтру «Тытан» сабралася каля 100 чалавек. На цяперашні момант каля цэнтру некалькі дзясяткаў чалавек у цывільным, якія актыўна замінаюць працы журналістаў. Пагражаюць у тым ліку і карэспандэнту «Еўрарадыё» Андрэю Елісееву. Стаўленне «ціхара» да журналісцкага пасведчання памясцілася ў ёмістай фразе: «мне пох…й».

20:13

На месца збору каля Палацу спорту прыйшоў грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў. Ён крытыкуе ідэю некалькіх кропак збору. На меркаванне экс-кандыдата, пратэстна настроеных людзей надта мала: «Неабходна збірацца ў адным месцы, каб адчуваць плячо адзін аднаго».

20:11

Каля Нацыянальнай бібліятэкі затрымалі карэспандэнта радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча. Пра гэта ён сам паведаміў з аўтамабіля, куды яго запіхнулі:

«Тут пяць чалавек, тры маладыя чалавекі, дзяўчына, якой разбілі акуляры, якая не ведала ўвогуле, што тут адбывалася, а таксама Уладзімір Марозаў, 1958 года нараджэння, якому стала кепска падчас захопу. На мяне мэтанакіравана наляцелі два супрацоўнікі ў цывільным, пры гэтым я паказваў ім сваё пасведчанне аб акрэдытацыі».

Каля Палацу чыгуначнікаў сабраліся каля 70 чалавек. Людзі ў цывільным «напакавалі» адну «газель» і адзін аўтобус. Колькі дакладна затрымана, не вядома.

Каля «Гіпа» (Серабранка) міліцыя кажа, што тут замініравана і загадвае разыходзіцца. Затрымалі 10 чалавек.

20:07

Каля Лядовага палацу затрымалі 20 чалавек, У тым ліку журналіста «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і фотакарэспандэнта Tut.by Антона Матольку. Кіруе аперацыяй старшыня Фрунзенскага РАУС Гайдукевіч. Абяцае ў хуткім часе выпусціць журналістаў.

Пляцоўка перад Нацыянальнаю бібліятэкай ачышчаная, аднак удзельнікі акцыі адступілі на ходнік насупраць бібліятэкі. Пляскаюць у ладкі, іх падтрымліваюць нават кіроўцы аўтобусаў. Бачна, што «ціхары», у адрозненне ад спецназу, не ведаюць, як паводзіцца ў такой сітуацыі.

20:00

Гомель, Мікола Бянько:

Пляскання ў далоні не чуваць. Уведзены пашпартны рэжым. Уражанне такое, што горад у нейкай аблозе, у ім нібы каменданцкі час. Абапал плошчы Леніна гіганцкія коркі – вынік блакіроўкі галоўных магістраляў гораду.

У пастарунках апынуліся прынамсі тры чалавекі, у іх ліку акторка драматычнага тэатру Яся Троц.

Горадня, Гражына Шалкевіч:

У Горадні чалавек 200, ёсць першыя затрыманні. Патруль падышоў да групы мужчынаў ды спраўдзіў дакументы. Адзін хлопец, каб прыцягнуць увагу, падняў рукі ўверх. Міліцыя папрасіла яго апусціць рукі, пад’ехала машына, мужчынаў туды пасадзілі і ад’ехалі.

19:58

Каля Нацыянальнай бібліятэкі пачаўся хапун. Міліцыянеры праз гукаўзмацняльнік кажуць аб незаконнасці акцыі. Ціхары ў цывільным, затрымалі двух чалавек. Спрабавалі схапіць мужчыну, які проста сядзеў на лаўцы, той упаў. Відавочна мае клопаты з сэрцам. Ціхары былі ўпэўненыя, што ён сімуліруе, аднак людзі адбілі мужчыну. Зараз спецназ шыхтуецца каб выцясніць удзельнікаў акцыі.

19:54

У сваёй кватэры ў Магілёве быў затрыманы журналіст Алесь Асіпцоў. Працаўнікі міліцыі заявілі, што вязуць яго ў Ленінскі РАУС, «па справе 3 ліпеня».

19:49

Першае затрыманне каля Лядовага палацу. Мінак падышоў да ўдзельнікаў акцыі, каб даведацца, навошта яны сабраліся. «Ціхары» ў цывільным схапілі яго і пацягнулі ў будынак палацу. Працаўнікі міліцыі ў форме на заўвагі адказваюць, што яны не пры выкананні, такім чынам, ахоўваць парадак не мусяць. Аднак самі хаваюць ідэнтыфікатары і патрабуюць, каб людзі разышліся. Каля Лядовага палацу каля 100 чалавек.

19:37

У Бабруйску прайшлі першыя затрыманні за час правядзення акцыяў. У рэдакцыю «Еўрарадыё» датэлефанаваўся малады чалавек, які паведаміў, што ён і некалькі затрыманых цяпер у міліцэйскім аўтобусе, потым сувязь з ім абарвалася. Агулам у Бабруйску затрымалі 22 асобы. Ім інкрымінуюць 23-і артыкул “правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства”.

Некалькі чалавек на прыпынку каля Нацыянальнай бібліятэкі пачалі пляскаць у ладкі, да іх ніхто не далучыўся, роўна як не звярнулі ўвагі і «ціхары».

19:34

Затрымалі двух хлопцаў каля гандлёвага цэнтру «Тытан». Наўрад ці яны былі ўдзельнікамі акцыі.

19:31

Каля Лядовага палацу некалькі дзясяткаў чалавек, аднак немагчыма адрозніць удзельнікаў акцыі ад «ціхароў». Працаўнікі ДАІ забараняюць ставіць машыны каля месца збору.

19:25

На Кастрычніцкай плошчы затрымалі фотакарэспандэнта «БелГазеты» Вадзіма Заміроўскага.

19:07

«Ціхароў» не менш за міліцыю. Аператары ў цывільным і з навушнікамі здымаюць людзей каля ратушы. «Наша Ніва» паведамляе пра першыя затрыманні каля «Макдональдсу» – затрымана 5 чалавек.

19:00

Не дазваляюць збірацца ў групы на Кастрычніцкай плошчы. Міліцыя кажа пра «спецмерапрыемства», на жаль, не тлумачыць – якое.

18:58

Каля выхадаў са станцыяў метро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» стаяць «ціхары» ў цывільным. У дварах схаваныя міліцэйскія аўтобусы. Аўтазакі заўважаныя таксама на Нямізе і каля ратушы. Непадалёк гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Тытан» стаіць міліцэйскі аўтобус. У раёне бібліятэкі некалькі мікрааўтобусаў з міліцыяй.

Традыцыйна перакрытыя дзве паласы праспекту Незалежнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў