Прадпрыемствам давядзецца заплаціць за выпускнікоў ВНУ


Кампенсаваць дзяржаве выдаткі будзе неабходна, калі прадпрыемства, куды размяркуюць маладога спецыяліста, адмовіцца ад яго.

Дагэтуль кампенсаваць выдаткі дзяржаве за навучанне мусілі толькі выпускнікі, якія адмовіліся ад размеркавання. Паводле апошніх звестак, сярэдні кошт за навучанне ў беларускім універсітэце складае 50 млн. руб.

Згодна з новаю пастановаю Савету Міністраў адказнасць з выпускнікамі падзеляць прадпрыемствы. Дакумент найперш датычыць студэнтаў, якія паступілі паводле мэтавага накіравання. У 2006 г. была прынятая пастанова, якая прадугледжвала, што мэтавая дамова можа быць складзеная толькі з выпускнікамі сельскіх школаў або з жыхарамі чарнобыльскай зоны. Перад паступленнем прадпрыемства падпісвае дамову са студэнтам і ягонымі бацькамі – і праз пяць гадоў ужо малады спецыяліст мусіць адпрацаваць пяць гадоў (да 2010 г. гэты тэрмін складаў два гады).

Кансультант аддзелу вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Карпенка патлумачыла: “Напрыканцы навучання некаторыя студэнты хочуць застацца ў сталіцы і не ехаць на працу паводле мэтавай дамовы ў рэгіён. Яны дамаўляюцца з прадпрыемствам, каб тое адмовілася ад іх і згадзілася на пераразмеркаванне працаўніка ў Менск. Як вынік, чалавек паступаў на льготных умовах, вучыўся за дзяржаўныя сродкі, а працу шукае на свой выбар. На прадпрыемстве застаецца вакансія – і маем кадравыя праблемы ў рэгіёнах”.
Выратаваць ад мэтавага размеркавання не можа ні шлюб, ні нават цяжарнасць. Распавядае выпускніца Белдзяржуніверсітэту Вольга Каралевіч: “Мяне размеркавалі ў Мсціслаў, хоць я два гады замужам за менчуком. На маім месцы цяпер працуе чалавек, якога ў жніўні звольняць адмыслова, каб маглі ўзяць на працу мяне. Дырэктар заводу кажа, што з задавальненнем даў бы мне “адмацаванне”, але ў Міністэрстве адукацыі гэтага рашэння не падтрымліваюць”.

Пасля прыняцця новай пастановы відавочна, што прадпрыемствы не будуць адмаўляцца ад мэтавых выпускнікоў. Інакш ім давядзецца разам са студэнтам выплачваць штраф дзяржаве – некалькі дзясяткаў мільёнаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары