Бюракраты будуць змагацца з бюракратамі


Адмысловая камісія чыноўнікаў, якія маюць адказваць за дэбюракратызацыю, нічога не зменіць, мяркуе актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка.

Як паведамляе прэсавая служба Савету Міністраў, у склад групы ўвайшлі не толькі дробныя чыноўнікі, але і намесніца міністра юстыцыі Ала Бадак, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Галухаў.

Узначаліць групу віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Паводле яго, дачыненні паміж дзяржаўнымі органамі ды грамадзянамі ўскладняюцца штучнымі дакументамі ды працэдурамі: “Нам трэба ўсё спрашчаць. Скарачаць непатрэбнае абарачэнне дакументаў, пасяджэнняў, даведак і ўзгадненне адміністратыўных працэдураў”.

Актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка мяркуе, што ў барацьбе з бюракратыяй ад чыноўнікаў плёну мала: “У іх свой інтарэс і карпаратыўная салідарнасць – яны ніколі “свайго” не здадуць. Толькі ў нашым Талочынскім раёне за год адбываецца 35 буйных карупцыйных злачынстваў. У краіне карупцыя павялічылася за апошні год ў паўтара разу”.

Эксперт лічыць, што ў аснове зменаў мае быць дэмакратызацыя грамадства. “Калі ў нас з’явіцца галоснасць, шматпартыйнасць і свабодныя медыі, чыноўнікам будзе складаней хавацца ад свайго народу. Людзі мусяць зразумець, што яны наймаюць на працу чыноўнікаў, таму могуць абсалютна законна ад іх патрабаваць выканання непасрэдных абавязкаў”, – кажа суразмоўца.

Паводле Петрушэнкі, за апошнія гады чыноўнікі сталі больш адкрытыя ў камунікацыях з грамадзянамі. “Праводзяцца “наўпроставыя лініі”, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, напрыклад. Але вельмі часта прыезд чыноўніка ператвараецца ў фармальнасць. Нядаўна ў нашым раёне быў з візітам міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Наведаў два калгасы – і з’ехаў. Нават кнігу скаргаў у раённым савеце дэпутатаў не паглядзеў!”

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары