Апладысменты ў судзе: вырак «Народнай Волі» пакінулі без зменаў


Юрыст выдання сустрэў такое рашэнне апладысментамі і павіншаваў суддзю «з чарговым несудовым рашэннем». Пра гэта распавяла пасля завяршэння разгляду намесніца галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Святлана Калінкіна.

Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда 5 ліпеня пакінула ў сіле рашэнне па позве «Белтэлерадыёкампаніі» да газеты «Народная Воля».

Паводле Святланы Калінкінай, «гэта рашэнне традыцыйнае, але яно не адпавядае закону». «Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду меркаванняў, і там асобна прапісана, што ніхто не можа быць прымушаны да змены свайго меркавання, тым не менш, Вышэйшы гаспадарчы суд спрабуе прымусіць мяне аспрэчыць уласныя думкі», – сказала Калінкіна.

На думку «Белтэлерадыёкампаніі», артыкул намесніцы галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Святланы Калінкінай «Гаворыць і паказвае Гёбэльс-ТВ» нанёс шкоду дзелавой рэпутацыі кампаніі: у прыватнасці заяўляецца, што журналістка парушыла арт. 34 Закону аб СМІ – не дала доказаў сваіх асабістых меркаванняў.

Падчас разгляду касацыі юрысты выдання прапанавалі «пераканаўчыя доказы, што спрэчныя слоўныя канструкцыі адносяцца выключна да меркавання аўтара, да яго высноваў і ацэнак па выніках прагляду фільму «Плошча. Жалезам па шкле», заявіў намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. Але суд з такою пазіцыяй не пагадзіўся. Прынятае рашэнне, на меркаванне юрыста БХК, «незаконнае, носіць палітычны характар і матывы».

Бліжэйшым часам «Народная Воля» мусіць надрукаваць абвяржэнне, як таго патрабуе закон. Але, паводле Святланы Калінкінай, гэтае абвяржэнне будзе дапоўненае рэдакцыйным каментарам.

belsat.eu

Стужка навінаў