Дуня Міятавіч: улады Беларусі гатовыя змяніць заканадаўства аб СМІ


Прадстаўніца АБСЕ ў справе свабоды медыяў Дуня Міятавіч паведаміла аб дасягненні прынцыповай згоды з беларускім афіцыйным бокам ў пытанні медыяў. Чыноўнікі пагадзіліся, што заканадаўства аб СМІ трэба мяняць. Тым часам у Беларускай асацыяцыі журналістаў сумняюцца ў рэалізацыі гэтых абяцанняў.

Высновы аб гатоўнасці уладаў Беларусі змяніць заканадаўства аб СМІ еўрачыноўніца зрабіла пасля сустрэчаў з міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім, прадстаўніком адміністрацыі прэзідэнта Усеваладам Янчэўскім і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, якія адбыліся падчас ейнага трохдзённага візіту ў Менск.

На думку сп. Міятавіч, перш за ўсё трэба неадкладна распрацаваць захады дзеля падтрымання незалежных медыяў. Беларусі таксама неабходна прыняць закон, які б гарантаваў роўны доступ да інфармацыі, распрацаваць заканадаўства, накіраванае на прыватызацыю дзяржаўных СМІ, і адмяніць крымінальны пераслед журналістаў за паклёп – упэўненая прадстаўніца АБСЕ.

Дуня Міятавіч заклікала ўрад Беларусі і перагледзець працэдуру акрэдытацыі замежных журналістаў у Беларусі. Паводле Міятавіч, яна ведае аб праблеме акрэдытацыі ў Беларусі журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ і вяшчаюць на Беларусь, — найперш радыё “Рацыя” і тэлеканала “Белсат”. “На працягу ўжо пэўнага часу я атрымліваю шмат скаргаў як ад журналістаў, якія працуюць у Беларусі, так і з-за межаў Беларусі”, — паведаміла Міятавіч.

Зразумела, што ўсе гэтыя змены немагчымыя “за адну ноч”, гаворыць Дуня Міятавіч. У якасці пацверджання сваіх намераў улады мусяць спыніць практыку з папярэджаннямі ды дазволіць карыстацца паслугамі інтэрнэт-кафэ без паказвання пашпарта.

Намеснік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец, між іншага, не ўпэўнены, што ўлады Беларусі ўкладаюць у панятак “змены” тое ж, што і прадстаўніца АБСЕ ў справе свабоды СМІ.

“Для Дуні Міятавіч галоўнае – вынік, а для ўладаў Беларусі – працэс. Каб дыялог з Еўропаю працягваўся, афіцыйны Менск гатовы даць любыя абяцанні”, – упэўнены Андрэй Бастунец. Прадстаўнік БАЖ нагадвае: усе змены, якія ўносіліся апошнім часам у заканадаўства аб медыях, рабілі яго больш жорсткім і рэпрэсіўным.

belsat.eu

Стужка навінаў