Гарадзенскія журналісты трымаюць галадоўкі


Затрыманыя 3 ліпеня Алесь Дзянісаў і Мікола Дзятчэня на знак пратэсту супраць прысудаў абвесцілі галадоўку.

Журналіст Алесь Дзянісаў быў асуджаны на 10 дзён адміністратыўнага арышту. Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма ў ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага раёну. Аднак жонцы Алеся Дзянісава ўдалося трапіць на суд у “рэжымны аб’ект” – Дзянісаў запатрабаваў, каб Наталлю выклікалі як сведку.

Жанчына заявіла суду, што яны разам з васьмігадоваю дачкою і сябрамі гулялі на плошчы, калі да ейнага мужа падскочылі невядомыя ў цывільным. “Тое, як затрымлівалі Алеся, гэта страшна. Яны кінуліся на яго, вырвалі з рук дачку, а самога Алеся, некалькі разоў “упусціўшы” на асфальт, пацягнулі ў міліцэйскі аўтобус. На судзе Алесь паспеў мне паведаміць, што яго збівалі і пасля затрымання”, – распавяла “Белсату” Наталля Дзянісава.

Не пагадзіўся з выракам яшчэ адзін гарадзенскі журналіст – Мікола Дзятчэня, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”. Яго за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі суд пакараў 3 днямі адміністратыўнага арышту. Пра лёс журналіста працяглы час нічога не ведалі ні ягоныя калегі, ні гарадзенскія праваабаронцы. Міколу Дзятчэню яшчэ ў першай палове дня 4 ліпеня вывезлі з ізалятару часовага ўтрымання, аднак у судзе Ленінскага раёну паведаміць, ці ў іх журналіст, адмовіліся. І толькі позна ўвечары высветлілася, што Мікола Дзятчэня асуджаны і на знак пратэсту супраць выраку абвесціў галадоўку.

Гарадзенскія міліцыянты паставілі 3 ліпеня рэспубліканскі рэкорд – у гэты дзень у горадзе затрымалі ажно 8 журналістаў. Сярод затрыманых – Алесь Дзянісаў, Андрэй Фралоў, Мікола Дзятчэня, Юрый Гуменюк, Ігар Банцар, Ганна Наўмовіч, Гражына Шалкевіч, Міхал Карневіч. Большасць затрыманых рэпарцёраў пакаралі адміністратыўным арыштам.

Аператар Андрэй Фралоў атрымаў 3 дні арышту паводле абвінавачання ў “парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання” (арт. 23.34 КоАП). Паэт і журналіст, сябра ПЭН-клубу Юрый Гумянюк асуджаны на 12 дзён адміністратыўнага арышту. Журналіст і актывіст незарэгістраванага Саюзу палякаў Ігар Банцар “за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства” правядзе за кратамі 10 дзён.

Суд над журналістам радыё “Свабода” Міхалам Карневічам, якога затрымалі падчас выканання рэдакцыйнага задання (ён асвятляў маўклівы пратэст), адклалі на 6 ліпеня, паведаміў “Белсату” мясцовы журналіст Іван Роман.

belsat.eu

Стужка навінаў