Сцяпан Бамбіза названы «Чалавекам года»


Такі высокі статус (а таксама грашовую прэмію) яму надалі гомельскія ідэолагі.

Ужо адзінаццаць гадоў Сцяпан Бамбіза ўзначальвае “Нацыянальны Прыпяцкі парк”. Вядома, што за гэты час адбылася вялікая рэканструкцыя і наладжванне інфраструктуры: пабудаваныя гатэлі, рэстарацыі, зоны для адпачынку. Аднак кіраванне Бамбізы выклікае насцярожанасць у эколагаў. “Зялёныя” часта крытыкуюць яго за тое, што зашмат у нацыянальным парку паляўнічых, адбываецца незаконная вырубка лесу.

“Прыпяцкі парк сёння ёсць бізнес-праектам спадара Бамбізы і ягонай сям’і. Сапраўды, прыязджае вельмі шмат турыстаў – але збольшага гэта забяспечаныя паляўнічыя з Еўропы, бо на іхнай радзіме такі масавы адстрэл жывёлінаў забаронены, – кажа эколаг Вольга Астаповіч. – Незалежныя эксперты фактычна не маюць доступу да парку, каб адсочваць ягоныя справы. Пра вырубку лесу мы ведаем ад працаўнікоў парку, якія на ўмовах канфідэнцыйнасці распавядаюць нам пра гэтыя незаконныя дзеянні”.

Сам Сцяпан Бамбіза згортваць бізнесу не думае. У адным з інтэрв’ю ён адзначае: “У нас паляўнічы тур на пяць дзён каштуе 1750 еўраў. Паўсюль крызіс, а я кошты падняў на 400 еўраў. Некаторыя паляўнічыя групы прыязджаюць ужо сёмы год запар. Іх задавальняюць нашыя ўмовы і кошты, таму мы будзем працягваць гэтак дзейнічаць і надалей”.

Вядома таксама, што адміністратыўны цэнтр Прыпяцкага парку перанеслі з Турава ў вёску Ляскавічы (адлегласць – 50 км) таксама з ініцыятывы Бамбізы. У сувязі з гэтым больш за палову працаўнікоў навуковага аддзелу звольніліся. На думку некаторых з іх, адміністратыўны аддзел перанесены ў Ляскавічы, каб зручней было дырэктару парку, бо ў вёсцы ён пабудаваў сабе новы дом. Жыхары Турава распавядаюць таксама, што пераезд адбыўся пасля таго, як яны не падтрымалі ягонай кандыдатуры на мясцовых выбарах.

Імя Сцяпана Бамбізы, апроч таго, згадваецца ў крымінальны скандале. Менскія міліцыянты спрабавалі раскрыць справу з сутэнёрамі ў Прыпяцкім парку, аднак за старшыню парку заступіліся чыноўнікі высокага рангу. Паводле шэф-рэдактаркі “Народнай волі” Святланы Калінкінай, за кіраўніцтва парку тады прыехаў заступацца асабіста прэзідэнт: “Міліцыянтаў выклікалі на размову і далі зразумець, што не на тых “наехалі”. У той час стрыечны брат Бамбізы Іван быў віцэ-прэм’ерам, а родны Мікалай узначальваў нацыянальны парк “Белавежская пушча”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары