Мяркуецца, што прычына пажару на “Пінскдрэве” – выбух драўнянага пылу


Гэта магло адбыцца з-за парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання на вытворчасці драўнянапаліўных гранул.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі. Паводле ўдакладненых звестак МНС, паведамленне аб выбуху і пажары ў цэху вытворчасці драўнянастружкавых плітаў паступіла 25 кастрычніка а 13:06.

Нагадаем, што ў выніку здарэння загінулі тры чалавекі: 26-гадовы Яўген Рапута (аператар аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній), 38-гадовы Ігар Муга і 52-гадовы Міхаіл Старадуб (абодва слесары-рамонтнікі). Іх пахаваюць сёння ў Пінску. Усе звязаныя з гэтым выдаткі ўзяла на сябе кампанія “Пінскдрэў”.

Сем’ям загінулых адміністрацыя прадпрыемства выплаціць грашовыя кампенсацыі па 10 млн. рублёў. Пацярпелыя атрымаюць у якасці кампенсацыі па 3 млн.

Цяпер у медычных установах Пінску, Берасця і Менску знаходзяцца 18 чалавек. Стан траіх медыкі ацэньваюць як вельмі цяжкі, яшчэ траіх – як сярэдняй цяжкасці. Астатніх – цяжкі.

На месцы здарэння ліквідавалі загаранне і разабралі завалы, з-пад якіх выратавалі аднаго чалавека, а таксама перадухілілі пагрозу выбуху тэхналагічнага абсталявання помпава-кампрэсарнага цэху.

Тэхналагічны працэс на прадпрыемстве не спыніўся, пастаўка драўнянастружкавых плітаў для бесперапыннай працы прадпрыемства будзе ажыццяўляцца сумежнымі прадпрыемствамі, паведамляюць у МНС.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары