Валянцін Стэфановіч: За разгоны – персанальная адказнасць


“У пратаколах аб адміністратыўных парушэннях пішуць заведама хлусню”, – заявіў Валянцін Стэфановіч, каментуючы тэлеканалу “Белсат” справы затрыманых 3 ліпеня.

У Беларусі падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Дзень Незалежнасці затрымалі прынамсі 300 чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў, не менш за 210 чалавек схапілі ў Менску, прыкладна 90 – у рэгіёнах. “Мы адназначна расцэньваем такога кшталту арышты як адвольныя ды незаконныя”, – падкрэслівае Валянцін Стэфановіч.

“Усе дзеянні міліцыі, што скіраваныя на сілавы разгон такіх акцыяў, маюць незаконны характар, – кажа праваабаронца. – Міністэрства ўнутраных справаў, яго кіраўніцтва, яго працаўнікі, што бралі ўдзел у такіх мерапрыемствах, нясуць персанальную адказнасць за тое, што адбываецца. У тым ліку і суддзі, што выносяць незаконныя пастановы ў такіх справах”. Стэфановіч дадаў, што гэтая пазіцыя будзе данесеная да міжнародных праваабарончых ды іншых арганізацыяў.

Валянцін Стэфановіч таксама падкрэсліў незаконнасць дзеянняў міліцыянтаў у дачыненні журналістаў: міліцыя мэтанакіравана ўжывала пярцовы і слезацечны газ супраць журналістаў, што асвятлялі акцыю 3 ліпеня.

Тым часам інтэрнаўты збіраюць фотаздымкі ды інфармацыю пра міліцыянтаў у цывільным, што збівалі ды затрымлівалі дэманстрантаў падчас акцыі на Прывакзальнай плошчы. Іхныя фотаздымкі публікуюцца ў інтэрнэце.

belsat.eu

Стужка навінаў