Затрымалі, бо гуляў з унукам «у ладкі»


Жыхара Смалявічаў Уладзіміра Чайчыца, які стаў вядомы дзякуючы паўтарагадоваму ўнуку, выпусцілі з ізалятару мясцовага раённага аддзелу міліцыі. На яго склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.

Уладзімір і ягоная дачка Вольга, маці паўтарагадовага Яна, распавялі, што вечарам 3 ліпеня выйшлі на цэнтральную плошчу Смалявічаў пагуляць. Яны пачалі гуляць з малым «у ладкі», бо ён вельмі любіць гэтую гульню. Да Чайчыцаў падышоў міліцыянт.

Уладзімір Чайчыц пацікавіўся ў афіцэра, які закон забараняе пляскаць у далоні і ўзяў ўнука на рукі, бо «было небяспечна». У раённым аддзеле міліцыі на мужчыну склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. «Ян спачатку плакаў, а потым заснуў проста на стале ў следчага», – распавёў Уладзімір Чайчыц пра ўнука.

Паводле версіі міліцыянтаў, 3 ліпеня каля 19:00 на цэнтральнай плошчы Смалявічаў яны заўважылі малое дзіця, якое «бегала ў натоўпе». Затым з’явіўся мужчына, які назваўся ягоным дзедам. Міліцыянты прапанавалі яму пайсці ў пастарунак, каб патлумачыць, чаму малое дзіця было адно ў горадзе.

3 ліпеня, у афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі, на плошчы гарадоў выйшлі сотні людзей, каб паўдзельнічаць у акцыі маўклівага пратэсту супраць дзеянняў уладаў «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі амаль 400 чалавек, з іх не менш як 210 у Менску, 120 – у Горадні.

belsat.eu

Стужка навінаў