Улады Беларусі гатовыя прадаць МТС


Кантрольны пакет акцыяў тэлекамунікацыйнай кампаніі выставяць на аўкцыён ужо сёлета. І яшчэ 10 дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў рыхтуюць да прыватызацыі.

У Дзяржаўным камітэце маёмасці паведамляюць, што ўсе прадпрыемствы рэнтабельныя і дынамічна развіваюцца. Сусветны банк ацаніў іх і даў згоду на рэалізацыю супольных праектаў з прыцягненнем замежных капіталаў. Старшыня ўпраўлення ўліку і распараджэння акцыямі Фонду дзяржаўнай маёмасці Ганна Карніевіч адзначае: «Найбольшым попытам у замежных інвестараў карыстаюцца нашыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Высокую зацікаўленасць яны таксама праяўляюць у дачыненні заводаў для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Прыватызацыя адбудзецца праз аўкцыён».

За апошнія тры гады такім чынам атрымалася прадаць сем акцыянерных таварыстваў, якія раней належалі дзяржаве. Паводле плану прыватызацыі на 2011–2013 гг., пакуль дамова заключаная толькі на адно прадпрыемства – транспартную кампанію ААТ «Озтранс».

У справе тэлекамунікацыйнай кампаніі ТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» вядома, што падрыхтаваныя дакументы для продажу дзяржаўнай долі акцыяў – 51 %, імі цяпер валодае РУП «Белтэлекам». МТС – адзін з найбуйнейшых аператараў у краінах СНД. Разам са сваімі даччынымі прадпрыемствамі кампанія абслугоўвае больш за 100 млн чалавек. Спачатку кантрольны пакет хацела набыць Расея, якой цяпер належыць 49 % акцыяў. Аднак беларускі бок выставіў занадта высокі кошт. Як адзначыў у сваіх інтэрв’ю дырэктар бізнес-адзінкі «МТС. Замежныя кампаніі» Алег Распапоў, расейцы прапаноўвалі сысціся на цане 600 млн долараў. Але кошт памерам 1 млрд долараў назваў асабіста Лукашэнка. «Ацэнка зробленая. Хочаш – купляй. Не хочаш – выставім на аўкцыён», – звярнуўся ён праз медыі да расейскіх бізнесоўцаў. Такім чынам, дамовіцца з расейцамі не атрымалася.

Інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін нагадвае, што дыялог наконт продажу акцыяў расейскаму партнёру цягнецца ўжо некалькі гадоў: «Расейцы чатыры гады прапаноўвалі грошы за 2 % акцыяў беларускаму боку. Але нашыя бюракраты адмаўлялі да апошняга. Цяпер бюджэту відавочна не стае сродкаў, таму выстаўленая такая прапанова. Кошт відавочна завышаны. У свой час кампанія «Telekom Austria Group» такую суму заплаціла за 70 % акцыяў «Velcom». Улада спадзяецца ўзяць па максімуме, але для гэтага няма гарантаваных умоваў для інвестара з боку дзяржавы найперш».

belsat.eu

Стужка навінаў