На «Дажынкі» ў Маладзечне выдаткавалі 400 млрд руб.


Наперадзе рэканструкцыя найбуйнейшых аб’ектаў. На гэтыя мэты вылучаць яшчэ 300 млрд.

Куды скіруюць грошы? Запланаванае пераабсталяванне парк адпачынку – у ім з’явіцца амфітэатр на 2000 месцаў, які можна будзе параўнаць, бадай, толькі з віцебскім. Таксама зробяць спартова-глядацкі комплекс “Лядовая арэна”, кошт якога ацэньваецца на 145 млрд руб. Комплекс будзе складацца з лядовай арэны, спартовых залаў, аквапарку і боўлінгу.

“Паводле нашых разлікаў, ён мае акупіцца за некалькі гадоў, – кажа дырэктар фестывалю Аляксандр Рамановіч. – Дарэчы, мы плануем пабудаваць яго за рэкордныя тэрміны – усяго за некалькі месяцаў, звычайна такія аб’екты робяць паўтара года”.

Арганізатары паставілі сабе за мэту зладзіць феерычнае свята. Старшыня Менаблвыканкаму Барыс Батура адзначаў у сваіх інтэрв’ю, што для яго ёсць справаю гонару правядзенне юбілейных “Дажынак” на найвышэйшым узроўні, “нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю ў краіне”. Ён кажа, што амаль усе будматэрыялы паспелі набыць да дэвальвацыі, але ад шматлікіх аб’ектаў усё ж давялося адмовіцца. “Гэта, напрыклад, надземныя пераходы пры галоўным уваходзе ў гарадскі парк, гандлёвыя шэрагі на плошчы Старое Месца. Дый план гораду ў цэлым значна змяніўся”, – паведаміў ён журналістам.

Святкаванне перанеслі на месяц наперад – будаўнікі не паспяваюць. На дарозе Менск – Маладзечна актыўна рамантуюць асфальт, краявіды гораду нагадваюць ваенны час – падымаюць тратуары, перакладаюць маршруты для транспарту. “Чыноўнікі кажуць, што гэта часовыя перашкоды, – распавядае жыхарка Маладзечна Юлія Рудніцкая. – Аднак людзі ходзяць па горадзе і бачаць, як хутка і няякасна ўсё робіцца. На некаторых цэнтральных дамах з-за дажджоў ужо перарабляюць тынкоўку”.

Фінансаванне “Дажынак” ідзе з рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў. На пачатак гэтага года фінансавыя абавязальніцтвы сельгасарганізацыяў Менскай вобласці склалі каля 6 трлн руб. Увогуле ў вобласці дэфіцыт грашовых паступленняў ад вытворчасці склаў больш за 30 %, або 1,6 трлн руб.

Статыстыка

Колькі грошай вылучылі на папярэднія “Дажынкі”?

2007 г., Рэчыца – 182 млрд руб.

2008 г., Ворша – 400 млрд руб.

2009 г., Кобрын – 330 млрд руб.

2010 г., Ліда – 350 млрд руб.

2011 г., Маладзечна – 700 млрд руб.

belsat.eu

Стужка навінаў