3 ліпеня "маўклівыя" хочуць сабрацца яшчэ два разы (Онлайн)


Лукашэнку ўпершыню не падзякавалі за прамову нават афіцыйна запрошаныя на парад. Арганізатары “народных гулянняў” залікаюць людзей выйсці на галоўныя пляцоўкі Менску а 19.00 і а 23.00. www.belsat.eu сочыць за падзеямі.

12.30
Запляскаць выступ Лукашэнкі не атрымалася. У прамове ён распавядаў пра інфармацыйную вайну супраць Беларусі і запэўніваў, што “напісаныя пад капірку сцэнарыі каляровых рэвалюцыяў” у нашай краіне не пройдуць. Калі ён скончыў гаварыць, ніхто з прысутных, у тым ліку афіцыйна запрошаных, не адважыўся паапладаваць.

12.00

Пад’ехаў прэзідэнцкі картэж. Калі вядоўцы ўрачыста абвесцілі: “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка”, ніводзін чалавек не пляснуў у далоні (традыцыйна ў адказ заўсёды пачынаюцца апладысменты). Пачалася афіцыйная частка параду.

11.45

Пачаўся парад. Прайшлі войскі, праехалі трактары. Паўсюль АМАПаўцы і людзі ў цывільным. Удзельнікаў пратэстаў не відно. Вакол стаяць аўтазакі і міліцэйскія аўтобусы. Гледачоў значна меней, чымсці ў папярэднія гады.

11.30

Перад тым, як пусціць на месца параду, людзей старанна абшукваюць, зазіраюць нават у гаманцы. Журналістаў з фота- і відэакамерамі не пускаюць. Можна прайсці толькі са звычайнаю “мыльніцай”.

11.00

У Менску дождж, людзей на вуліцах мала. Праспект пераможцаў перакрыты для грамадскага і прыватнага транспарту. Людзі ідуць на месца параду пешкі. Ад гатэлю “Юбілейны” да набярэжнай Свіслачы ўсё перакрыта. Па перыметры ўсталявана 20 металашукальнікаў. Некалькі тысячаў чалавек, якія прыйшлі на месца, стаяць у чэргах да металашукальнікаў. Па гучнагаварыцелях папярэджваюць: уваход на трыбуны толькі па запрашальных білетах.

Стратэгія маўклівых пратэстаў, якую прыдумалі арганізатары акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, выглядае наступным чынам.

Першы этап

З 11.30 да 13.00 побач са стэлаю “Менск – горад-герой” пройдзе парад, падчас якога з прамоваю выступіць Аляксандр Лукашэнка. Усе, хто супраць таго, што адбываецца сёння ў краіне, маюць падыйсці як мага бліжэй да трыбуны (да месца, дзе дазволена знаходзіцца гледачам) і пачаць пляскаць у далоні, як толькі калі кіраўнік Беларусі пачне прамаўляць. Апладысменты мусяць дожўжыцца, пакуль не скончыцца прамова.

Другі этап

А 19.00 – збор на прывакзальнай плошчы ў Менску.

Трэці этап

А 23.00 удзельнікі маўклівых пратэстаў збіраюцца побач з абеліскам “Менск – горад-герой” (стэла). Акцыя распачынаецца пасля салюту.

Міліцыя ўжо пачала працу ва ўзмоцненым рэжыме. У цэнтры сталіцы на кожным скрыжаванні дзяжурыць міліцыянт. Напярэдадні намеснік старшыні ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў заявіў, што пляскаць у ладкі 3 ліпеня можна будзе толькі ветэранам. “Мы ўмеем адрозніць удзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў ад звычайных мінакоў. Таму правапарушальнікаў будуць арыштоўваць адразу”, – папярэдзіў ён.

Арганізатары акцыі, у сваю чаргу, просяць грамадзянаў паводзіцца карэктна. І на выпадак, калі ўлады адключаць доступ да сацыяльных сетак ды інтэрнэту, прапаноўваюць сабрацца на гулянні на прывакзальнай плошчы ў Менску, а для людзей з рэгіёнаў – на галоўнай плошчы свайго гораду.

belsat.eu

Стужка навінаў