Пачаліся затрыманні напярэдадні 3 ліпеня


У розных гарадах Беларусі напярэдадні Дня Незалежнасці прайшлі прэвентыўныя арышты актывістаў дэмакратычных сілаў.

Гомель

Затрымалі сябра міжнароднага аб’яднання “Малады фронт” (Чэхія) Андрэя Цянюту. Увечары 1 ліпеня яго схапілі працаўнікі міліцыі ў двары ягонага дому і завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). Маці паведамілі, што 4 ліпеня над Цянютам мусіць адбыцца суд, і ўвесь гэты час ён будзе ў ІЧУ. У чым канкрэтна абвінавачваецца моладзевы актывіст, невядома.

Андрэй Цянюта – адзін з заяўнікаў мітынгу, які планавалася правесці ў Гомлі 3 ліпеня, на Дзень Незалежнасці, каб прыцягнуць увагу ўладаў да сацыяльна-эканамічных праблемаў. Гарвыканкам забараніў акцыю, але прадстаўнікі апазіцыі заявілі, што маюць намер правесці яе, нягледзячы на забарону.

Берасце

1 ліпеня затрымалі дэмакратычных актывістаў Івана Стасюка і Артура Анісімава. Паводле інфармацыі мясцовага праваабаронцы Рамана Кісляка, абодвух арыштавалі прыкладна ў адзін і той жа час, каля 20:00, у раёне вул. Гаўрылава людзі ў цывільным. Маці Стасюка аб затрыманні сына паведаміў ягоны знаёмы, які стаў відавочцам здарэння. Пасля таго, як жанчына напісала ў міліцыю заяву аб знікненні сына, ёй пазванілі ўночы ды паведамілі, што Стасюк знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага РАУСу Берасця паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве. Там жа, са звестак праваабаронцы, знаходзіцца і Анісімаў, але ў чым вінавацяць яго – невядома.

Магілёў

Актывістаў магілёўскай арганізацыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Ігара Барысава і Максіма Кавалёва сёння праз тэлефон папярэдзілі аб недапушчальнасці ўдзелу ў акцыі маўклівага пратэсту, прычым тэлефанавалі невядомыя людзі. “Мяне папярэдзілі: калі я “высунуся” на акцыю 3 ліпеня, мне пагражае адміністратыўны арышт”, – паведаміў Барысаў. Паводле яго, цяпер міліцыя шукае яшчэ аднаго актывіста партыі – Андрэя Дзвігуна.

Паводле наяўных звестак, у розных рэгіёнах краіны работнікаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацыяў папярэдзілі пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных акцыях 3 ліпеня.

Па-ранейшаму заблакаваная праца некаторых інтэрнэт-супольнасцяў у сацыяльных сетках, у тым ліку групы “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” “ВКонтакте” – ініцыятара грамадзянскай кампаніі маўклівага пратэсту.

З 8 чэрвеня ў Беларусі прайшлі ўжо чатыры такія акцыі – кожную сераду. Апошнія дзве скончыліся масавымі затрыманнямі ў Менску ды іншых гарадах. Найбліжэйшыя плануюцца на 3 ліпеня, Дзень Незалежнасці. 1 ліпеня на старонцы групы “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” з’явілася інструкцыя, адрасаваная патэнцыйным удзельнікам акцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў