Алена Ліхавід: Для замежнікаў Лукашэнка з Колем – цырк-шапіто


Падчас Тыдня Свабоды чэхам нагадалі пра беларускіх палітвязняў.

У дні, калі Чэхія святкавала 20-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў, на Вацлаўскай плошчы ў цэнтры Прагі з’явіўся намёт, стылізаваны пад камеру ў беларускай турме.

“Мы распавядалі чэхам і турыстам пра леташнія падзеі 19 снежня, пра тое, што шмат удзельнікаў Плошчы цяпер у турмах і калоніях, і пра рэпрэсіі, што працягваюцца ў Беларусі дагэтуль”, – распавяла “Белсату” адна з удзельніц ініцыятывы, маці зняволенага актывіста Мікіты Ліхавіда Алена.

Жанчына гаворыць, што цікавасць да беларускага намёту была вялікая, шмат хто з наведнікаў падпісваў паштоўкі са словамі салідарнасці да зняволеных. “Збольшага людзі ведаюць, што адбывалася ў нас падчас выбараў. Аднак для шмат каго было шокам, што рэпрэсіі ў Беларусі носяць такі масавы і жорсткі характар”, – гаворыць Алена Ліхавід.

Прыходзілі ў намет і беларускія маладзёны, што навучаюцца ў чэшскіх універсітэтах. Некаторыя з іх прызнаваліся, што пасля пагрозы Лукашэнкі “закрыць межы” яны баяцца прыязджаць у Беларусь нават на вакацыі. “Дарэчы, “дзякуючы” прэзідэнту нас успрымаюць не як краіну ў цэнтры Еўропы, а як нейкі цырк-шапіто. Бо як толькі замежнікі бачылі на намёце надпіс Беларусь, то пачыналі смяяцца: а, маўляў, Лукашэнка, Коля”, – адзначае спадарыня Ліхавід.

Алена Ліхавід звяртае ўвагу, што беларускі намёт з’явіўся ў цэнтры Прагі дзякуючы пражскай праваабарончай арганізацыі «Чалавек у бядзе».

belsat.eu

Стужка навінаў