Міліцыя папрасіла прабачэння ў журналістаў за “нязручнасці”


Берасцейская міліцыя прынесла прабачэнні незалежнаму выданню “Брестская газета” за затрыманне карэспандэнта Станіслава Коршынава падчас выканання ім службовых абавязкаў на месцы правядзення маўклівай акцыі пратэсту.

Міліцыянты ў цывільным затрымалі журналіста 15 чэрвеня, калі той быў на плошчы Леніна – там акурат ладзілася “маўклівая” акцыя пратэсту. У аўтазаку з яшчэ дзевяццю арыштаванымі яго даставілі ў Ленінскі РАУС Берасця. Прыкладна а 20:30 Коршынава адпусцілі без складання пратаколу.

Як заявіў у сваёй скарзе на дзеянні міліцыі галоўны рэдактар выдання, Коршунаў выконваў рэдакцыйнае заданне – асвятліць падзеі, што адбываліся гэтым часам на плошчы, і яго затрыманне – парушэнне Закону аб СМІ.

Як паведаміў галоўны рэдактар “Брестской газеты” Віктар Марчук, у лісце, які ён атрымаў з УУС, паведамляецца, што паводле ягонага звароту зладзілі праверку і прызналі той факт, што журналіста даставілі ў міліцыю. У адказе з міліцыі тлумачацца, што журналіста затрымалі прэвентыўна ды што кіраўніцтва УУС “прыняло дадатковыя захады ў справе недапушчэння з боку працаўнікоў унутраных справаў вобласці выпадкаў няўважлівага стаўлення да грамадзянаў, у тым ліку да прадстаўнікоў СМІ”.

“Адначасова прашу прабачэння за недахопы ў працы працаўнікоў органаў унутраных справаў, што мелі месца, ды прычыненыя нязручнасці прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці – Вашым падначаленым”, – гаворыцца ў лісце на імя галоўнага рэдактара “Брестской газеты”.

“Добра, што ў нас папрасілі прабачэння, – зазначыў Марчук. – Мы спадзяёмся, што разбор па факце затрымання Коршунава выключыць надалей інцыдэнты гэткага кшталту з журналістамі. Таксама хочацца спадзявацца, што нашая міліцыя працягне рух шляхам разумення і ўсведамлення правоў і свабодаў грамадзянаў, у тым ліку на выказванне сваёй думкі”.

belsat.eu

Стужка навінаў