Польшча старшынюе ў Еўразвязе


Польшча ўпершыню ў гісторыі ўзяла на сябе шасцімесячнае старшынства ў Еўрапейскім Звязе. Сярод асноўных задачаў на гэты тэрмін – ажыўленне эканомікі краінаў ЕЗ і барацьба з крызісам у Грэцыі.

Польшча дэкларуе свой намер умацаваць падчас старшынства адзіны рынак на прасторы Еўразвязу, адрадзіць давер да інстытутаў ЕЗ і скіраваць высілкі на пашырэнне Еўразвязу коштам заходняй часткі Балканаў. Афіцыйная Варшава таксама займае актыўную пазіцыю ў дачыненні ўсходніх суседзяў, што хутчэй за ўсё адаб’ецца на стасунках ЕЗ і афіцыйнага Менску.

З моманту ўступлення ў Еўразвяз Польшча дэманстравала высокія тэмпы эканамічнага росту і павелічэння палітычнага ўплыву. Падчас сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу 2008–2009 гг. гэтай краіне ўдалося пазбегчы эканамічнага спаду.

Тым часам на вуліцах Варшавы ў дзень прыняцця старшынства адбыліся пратэсты супраць ураду Польшчы на чале з Дональдам Тускам. Дэманстранты, што з’ехаліся ў сталіцу з усёй Польшчы, патрабавалі зменаў у працоўным заканадаўстве і больш актыўных дзеянняў для барацьбы з беспрацоўем і ростам коштаў. Прадстаўнікі прафсаюзу «Салідарнасць», які зарганізаваў пратэст, заяўляюць, што мэтаю дэманстрацыі ёсць прыцягненне ўвагі да сацыяльных праблемаў у краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў