«Сто адрасоў свабоды» прэзентавалі ў сядзібе Партыі БНФ


Кніга Вячаслава Ракіцкага ахоплівае 30-гадовы перыяд: ад пачатку 1980-х да снежня 2010 г.

«Я прыдумаў форму такой падарожнай кнігі, у форме вывешвання пакуль што віртуальных мемарыяльных табліцаў, якія сапраўды павесяць нашыя нашчадкі. На ўсіх тых адрасах, дзе адбывалася нашае змаганне за свабоду», – распавядае аўтар.

Кніга пачынаецца з першага публічнага калядавання ўдзельнікаў «Майстроўні» напрыканцы 1980 г. і распавядае гісторыю беларускага незалежніцкага руху да брутальнага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 г.

Вячаслаў Ракіцкі сабраў самыя розныя адрасы свабоды. Гэтак, у кнізе распавядаецца пра беларускі ліцэй, які быў вымушаны працаваць ва ўмовах падполля, плошчы і вуліцы, дзе праходзілі дэманстрацыі дэмакратычных сілаў, будынак ЦК партыі, дзе цяпер месціцца Адміністрацыя прэзідэнта і дзе была прынятая першая канстытуцыя Беларусі, Курапаты – месца першых масавых мітынгаў і г.д.

Паводле Вінцука Вячоркі, кніга Ракіцкага – гэта выдатны прыклад аналітычнай журналістыкі і літаратуры факту з найноўшай гісторыі Беларусі: «Гэтыя сто адрасоў і людзі, што іх насяляюць, нагадваюць нам, што незалежная Беларусь з’явілася не дзякуючы нейкаму росчырку пяра ці праз пагадненне трох лідараў у Белавежскай пушчы. Яна з’явілася таму, што за яе змагаліся не толькі папярэднія вякі, але і зусім нядаўна».

belsat.eu

Стужка навінаў