Суды над удзельнікамі маўклівых акцыяў перанеслі на неакрэслены час


Праваабаронца Наста Лойка паведамляе, што сёння мусілі адбыцца прынамсі шэсць судовых працэсаў у судах Менску. «Аднак гэтыя суды былі перанесеныя. Фігуранты адміністратыўных справаў выпушчаныя з-пад варты. Ім заявілі, што працэсы адбудуцца пазней», – кажа яна.

Пры гэтым не вядома, калі адбудуцца суды. «Нікому з адпушчаных позвы не ўручаліся. Ім заявілі, што позвы яны атрымаюць па пошце», – адзначыла Наста Лойка.

Паводле звестак МУС, вечарам 29 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі ў органы ўнутраных справаў для высвятлення асобы даставілі 269 чалавек. Да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі «130 найбольш актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных масавых акцыяў», гаворыцца ў паведамленні МУС. На іх склалі пратаколы паводле арт. 17.1 («Дробнае хуліганства»), 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў») і 23.24 («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавай акцыі ці пікетавання») Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

Акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» 29 чэрвеня стала ўжо чацвёртаю. З ініцыятывы прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасці мірныя акцыі пратэсту праходзяць штосераду пачынаючы з 8 чэрвеня на галоўных плошчах беларускіх гарадоў. Людзі не выкрыкваюць лозунгаў і заклікаў, а проста збіраюцца разам і час ад часу пляскаюць у ладкі, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкаю кіраўніцтва краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў