Ад 1 жніўня «Прессбол» знікне з шапікаў Менскай вобласці


Прычынаю стала гадавая запазычанасць “Белсаюздруку” перад выданнем.

Рэдакцыя заявіла, што з наступнага месяца перастае даваць газету на распаўсюд у шапікі Менскай вобласці. Паводле галоўнага рэдактара Уладзіміра Беражкова, РУП “Менскаблсаюздрук”, якое займаецца распаўсюдам выдання, сістэматычна не выконвала сваіх абавязкаў. “Арганізацыя не расплацілася з намі за наклад, рэалізаваны яшчэ ў мінулым жніўні, а сёння запазычанасць “Менскаблсаюздруку” перад газетаю складае ўжо 150 млн. рублёў”, – кажа рэдактар.

Праблему спрабавалі вырашыць праз вусныя і пісьмовыя звароты, нават праз суд. Але ў выніку дзяржаўная арганізацыя прапанавала разарваць дамову пастаўкі “да стабілізацыі сітуацыі на РУП “Менскаблсаюздрук”.

У самой арганізацыі адмовіліся пракаментаваць фінансавую сітуацыю. Аднак стала вядома, што перад дзяржаўнымі выданнямі такіх запазычанасцяў няма. У прыватнасці, у газетах “СБ – Беларусь сегодня”, “Рэспубліка”, “Народная газета” і “Звязда” паведамілі, што не маюць прэтэнзіяў адносна плацяжоў ад “Белсаюздруку”.

РУП “Белсаюздрук” – манапаліст у распаўсюдзе перыядычнай друкаванай прадукцыі ў краіне. З прапанаванага асартыменту перыядычнага друку 78,7 % складаюць рэспубліканскія і дзяржаўныя друкаваныя выданні.

У якасці альтэрнатывы “Прессбол” прапаноўвае сваім чытачам перайсці на электронную версію выдання. Яшчэ месяц таму рэдакцыя актыўна заклікала чытачоў платна падпісацца на электронную версію. Прычыны – вялікія выдаткі на друк газеты і яе распаўсюд. Друкаваны наклад на сёння складае 10 000–20 000 нумароў (у залежнасці ад дня тыдня, дадаткаў да газеты), на электронную версію падпісаліся 800 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў