Навучанне ўсё даражэе


Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што кошты на навучанне ва ўніверсітэтах павялічацца ў сярэднім на 20 %.

Паводле чыноўніка, канчатковы кошт будзе сфармаваны да канца ліпеня. Цяпер у міністэрстве ідуць перамовы з прадстаўнікамі ўніверсітэтаў. Дарадца міністра Віктар Іўчанкаў адзначыў: “Узровень коштаў у канкрэтнай ВНУ залежыць ад складзенай структуры выдаткаў на платнае навучанне: ад атрыманай спецыяльнасці, кваліфікацыі, стажу працы прафесарска-выкладчыцкага складу ды іншых выкладчыкаў, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы і г. д. Часта падвышэнне звязанае з індэксацыяй заробкаў. Падвышэнне на 20 % – абгрунтаванае ў гэтым выпадку”.

Прыватныя ўстановы адукацыі фармуюць кошт на платнае навучанне самастойна. А вось у дзяржаўных універсітэтах за апошнія пяць гадоў аплату падымалі прыкладна пяць разоў, агульнае падвышэнне склала каля 60 %. “Пры паступленні на першы курс мы падпісалі дамову на 2,6 млн. руб., – распавядае сёлетняя выпускніца гістарычнага факультэту БДУ Ірына Гарошка. – На пятым курсе мы мусілі ўжо заплаціць 4,5 млн. руб. А вось першакурснікі нашага факультэту ўжо падпісалі дамовы на 6 млн. руб. за год”.

Апошняе павелічэнне коштаў на навучанне адбылося падчас зімовай сесіі 2011 г. Тады адукацыя падаражэла на 20–25 %.

Міністэрства адукацыі абгрунтавала рашэнне “падвышэннем тарыфнай стаўкі”, то бок заробкаў працаўнікоў універсітэтаў. Як вядома, цяпер урад не збіраецца павышаць тарыфных ставак да 2012 г., таму прычынаю новага падаражання назвалі рост коштаў на камунальныя і транспартныя выдаткі.

Цягам апошняга года кошты на беларускую адукацыю выраслі на 35 %. Беларусь упэўнена трымае лідарства ў росце коштаў навучання, асабліва з увагі на тое, што падчас крызісу кошты на адукацыю ў шмат якіх краінах зменшыліся.

Найбольш дарагія беларускія ўніверсітэты: Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, Беларуская акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Паводле вынікаў сёлетняга навучальнага года самая танная адукацыя прапаноўвалася ў Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі ды ў некаторых спецыяльнасцях Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту.

belsat.eu

Стужка навінаў