Жыць па сродках! Яшчэ болей па сродках


Давядзецца беларусам дзеля атрымання крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўраАзЭС памерам 3 млрд цягам 2,5 гадоў.

Урад Беларусі паабяцаў рэалізаваць шэраг рэформаў дзеля атрымання дапамогі. У адпаведным дакуменце ўрад паведамляе пра рашэнне абмежаваць дэфіцыт бюджэту сектару дзяржаўнага кіравання да 1,5 % ВУП, прадугледжваючы яго скарачэнне да аднаго 1 % ВУП у 2013 г.

Змены чакаюць і сектар падаткавай палітыкі. У прыватнасці ўрад абяцае забяспечыць дадатковы прыбытак ад мытаў на калійныя ўгнаенні (павялічыўшы іх у 1,5 раза), падатку на здабычу калійнай солі (у 12 разоў) і сырой нафты (у 30 разоў)

Стабільнымі застануцца толькі заробкі бюджэтнікаў. Запланавана, што ў 2012–2013 гг. доля заробкаў працаўнікоў бюджэтнай сферы ў агульным аб’ёме выдаткаў бюджэту застанецца на сёлетнім узроўні.

Дайшла чарга і да павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ды паслугі грамадскага транспарту.

У прыватнасці тарыфы ЖКГ будуць паступова павялічвацца да ўзроўню, на якім насельніцтва будзе пакрываць 30 % выдаткаў на іх выкананне – у 2011 г., 35 % – у 2012-м, 40 % – у 2013 г. Пры гэтым некаторыя паслугі насельніцтва будзе аплочваць цалкам.

Тарыфы на паслугі гарадскога і прыгараднага транспарту будуць расці паводле падобнай схемы. У 2011-м насельніцтва будзе аплочваць 70 % выдаткаў, у 2012-м – не менш за 85 %, у 2013-м – не менш за 90 %.

Першая транша крэдыту памерам 800 млн долараў паступіла ў Беларусь 21 чэрвеня. Агульны памер крэдыту складзе 3 млрд долараў. Наступныя траншы крэдыту – памерам 440 млн долараў кожная – будуць паступаць па меры выканання Менскам узятых абавязацельстваў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары