Усіх пакараць не паспелі


Судовыя працэсы над затрыманымі вечарам 29 чэрвеня ўдзельнікамі акцыяў маўклівага пратэсту працягнуцца 1 ліпеня.

Як адзначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, гэтым разам суддзі падышлі да затрыманых удзельнікаў «маўклівай» акцыі «больш жорстка, чым раней». «Калі затрыманым 22 чэрвеня давалі толькі штрафы, то гэтым разам штрафамі не абмяжоўваюцца. Цяпер як мінімум сем чалавек прыгавораныя да адміністратыўных арыштаў ад 8 да 15 дзён. Астатнія атрымліваюць штрафы ад 15 да 25 базавых велічыняў», – распавёў Валянцін Стэфановіч.

Акрамя таго, адзначыў праваабаронца, цяпер узніклі цяжкасці з маніторынгам судовых працэсаў. «У суды проста не пускаюць, як, напрыклад, у судзе Савецкага раёну. Або працэсы пераносяць на няпэўны тэрмін. Так, у Фрунзенскім судзе пратаколы ў дачыненні затрыманых адправілі на дапрацоўванне, але дакладнага часу пачатку судоў не паведамілі, заявіўшы, што яны пройдуць пасля абеду», – сказаў Стэфановіч.

У судах Ленінскага і Маскоўскага раёнаў працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі перанеслі на 1 ліпеня.

«А наогул, гэта нельга назваць судамі, – падкрэсліў праваабаронца. – Нельга гаварыць пра гэта як пра законную працэдуру. Міліцыя проста хапала людзей на вуліцах, потым прыдумвала ім абвінавачанні, а суды гэтыя абвінавачанні падтрымліваюць. Гэта не правасуддзе, а невядома што».

Паводле звестак МУС, вечарам 29 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі ў органы ўнутраных справаў для высвятлення асобы даставілі 269 чалавек. Да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі «130 найбольш актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных масавых акцыяў», гаворыцца ў паведамленні МУС. На іх склалі пратаколы паводле арт. 17.1 («Дробнае хуліганства»), 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў») і 23.24 («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавай акцыі ці пікетавання») Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

Паводле ўпраўлення інфармацыі МУС, «прысутныя гучна выкрыквалі нецэнзурныя выразы на адрас працаўнікоў міліцыі. На тлумачальную працу не рэагавалі, перашкаджалі праходу пешаходаў па тратуарах, шумелі, прыцягваючы ўвагу прахожых плясканнем у далоні, штурхалі супрацоўнікаў органаў правапарадку, выходзілі на праезную частку. Аналагічныя дзеянні ўчыняліся і іншымі нешматлікімі групамі асобаў у цэнтральнай частцы гораду. У выніку найбольш актыўныя парушальнікі правапарадку былі дастаўленыя ў сталічныя РУУС для высвятлення асобы, а астатнія грамадзяне разышліся».

Акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» 29 чэрвеня стала ўжо чацвёртаю. З ініцыятывы прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасці мірныя акцыі пратэсту праходзяць штосераду пачынаючы з 8 чэрвеня на галоўных плошчах беларускіх гарадоў. Людзі не выкрыкваюць лозунгаў і заклікаў, а проста збіраюцца разам і час ад часу пляскаюць у ладкі, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкаю кіраўніцтва краіны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары