Мікалай Снапкоў: за электраэнергію мы заплацім


У Беларусі дастаткова магутнасцяў, каб цалкам забяспечваць сябе электраэнергіяй, заявіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на прэс-канферэнцыі 29 чэрвеня ў Менску. Пытанне ўзнікла ў сувязі са спыненнем імпарту ў краіну расейскай электрычнасці з прычыны пазыкі.

“Любая дзяржава, якая паважае сябе, разлічваецца за свае пазыкі, таму мы за спажытую імпартаваную электраэнергію заплацім”, – сказаў Снапкоў. Таксама ён патлумачыў, што ці будзе Беларусь і надалей імпартаваць электраэнергію, залежыць ад кошту яе на ўнутраным рынку ў параўнанні з коштам той, што Беларусь можа набываць на вонкавых. Міністр, аднак, не выключае, што ў будучыні Беларусь можа ўвогуле адмовіцца ад расейскай электраэнергіі.

На пытанне журналіста, ці не адчувае чыноўнік маральнай адказнасці за тое, што адбываецца апошнім часам на спажывецкім рынку Беларусі, Снапкоў адказаў станоўча, але дадаў: “Я павінен на цяперашні момант папрасіць прабачэння, што не застрэліўся, так?”

Расейская кампанія “Интер РАО ЕЭС” спыніла экспарт электраэнергіі ў Беларусь апоўначы 29 чэрвеня. Паводле падлікаў віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына, пазыка Беларусі за электраэнергію ў сакавіку і траўні складае каля RUR 1,2 млрд і за чэрвень можа павялічыцца яшчэ на 400 мільёнаў. Паводле звестак Сечына, на 24 чэрвеня Беларусь пералічыла кампаніі “Интер РАО ЕЭС” каля RUR 8 млн, што складае 1,3 % ад запазычанасці.

belsat.eu

Стужка навінаў