Народныя гулянні па-беларуску (он-лайн)


29 чэрвеня па ўсёй краіне ладзіцца ўжо чацвёртая акцыя “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, ініцыяваная праз інтэрнэт-рэсурсы.

Тыдзень таму ў акцыі ўзялі ўдзел некалькі тысячаў чалавек у адным толькі Менску. Людзі выйшлі на галоўныя плошчы больш за 50 населеных пунктаў краіны. Затрымалі больш за 400 чалавек, сярод іх дзевяць журналістаў.

20:09
Каля Палацу спорту хапаюць усіх. Чамусьці ладуюць людзей у звычайныя мікрааўтобусы. Затрымалі некалькі журналістаў, пакуль невядома, каго менавіта. На Нямізе натоўп разагналі.
20:02
Жорсткія затрыманні каля кінатэатру “Масква”. Чарговыя тры аўтобусы поўныя арыштаванымі ўдзельнікамі акцыі. Што цікава, тут міліцыя ў форме практычна не бярэ ўдзелу ў затрыманнях – людзей вырываюць за натоўпу і цягнуць у аўтобусы выключна працаўнікі ў цывільным.
19:55
Тыя, каго не затрымалі ля Тэатру оперы і балету, ідуць калонаю па праспекце Незалежнасці. Міліцыя ўжо накіроўваецца да іх, у рацыях гучаць загады “працаваць аператыўна”.
19:49
Горадня: амаль паўтары тысячы чалавек ідуць па галоўным праспекце гораду, усміхаюцца і б’юць у ладкі.
Тым часам у Менску працягваецца хапун каля тэатру оперы і балету. Міліцыя адпусціла журналістку Аліну Радачыньскую
19:44

Затрыманы фотакарэспандэнт «Белгазеты» Вадзім Заміроўскі. Людзей адцясняюць у бок праспекту Машэрава.

19:40

Каля выставачнага цэнтру “Белэкспа” міліцыя літаральна напала на групу ўдзельнікаў акцыі з 300 чалавек. Затрыманых хапіла на тры аўтазакі. Збіты журналіст БелаПАНу Васіль Сямашка.

19:32

На вуліцы Янкі Купала працягваюцца масавыя затрыманні. Міліцыя не звяртае ўвагі на журналісцкія пасведчанні і збівае аператараў. На зараз вядома, аб затрыманым карэспандэнце Латвійскага радыё, беларускай журналістцы Аліне Радачыньскай і аб тым, што спрабавалі затрымаць аператара BBC – білі па рукам і па аб’ектыву.

19:28

Затрымалі журналіста БелаПАНу Вадзіма Шмыгава. Працаўнікі міліцыі нават не зірнулі на журналісцкае пасведчанне.

19:25

Да выставачнага цэнтру “Белэкспа” падагналі аўтобус – колькасць затрыманых ужо немагчыма дакладна акрэсліць. Міліцыя спрабавала арыштаваць таксама здымачную групу літоўскага тэлебачання

19:20

Людзі групамі па 30 чалавек выходзяць на ходнікі ўздоўж Кастрычніцкай і пляскаюць у ладкі. Аўтамабілі падтрымліваюць іх гудкамі. Міліцыя пакуль толькі заклікае не ствараць натоўпу.

19:16

Пачалі вырываць людзей з паўтысячнага натоўпу, што ідзе па вуліцы Янкі Купалы. На гэты момант – 10 затрыманых.

19:12

Каля сотні чалавек ідуць калонаю ў бок цырку, чуваць апладысменты. Іх акружыла група міліцыянтаў у чорным, ёсць затрыманыя.

19:08

Журналістаў Уладзіміра Грыдзіна і Алеся Пілецкага адпусцілі пасля праверкі дакументаў і тэлефанавання да кіраўніка прэс-службы ГУУС Ігара Яўсеева. Людзей вельмі шмат, аднак толькі зрэдку чуваць апладысменты – паўсюль працаўнікі ў цывільным, якія не даюць спыняцца і скаардынаваць дзеянні.

19:03

Перакрыты ўваход у метро з боку Палацу прафсаюзаў, аўтобусы таксама там не спыняюцца.

19:00

Уладзіміра Грыдзіна прывезлі ў РАУС Цэнтральнага раёну Менску.

18:54

Канцэрт распачаўся. Яго здымае БТ. Выступае гурт “Чук і Гек”. Шмат “ціхароў” з навушнікамі, падыходзяць працаўнікі міліцыі ў чорнай форме, аднак усіх прапускаюць на плошчу. У дварах вуліцы Леніна стаяць аўтазакі.

18:40

Затрымалі ды збілі фотакарэспандэнта Уладзіміра Грыдзіна.

18:37

Першы затрыманы: журналіст “Нашай Нівы” Алесь Пілецкі.

18:30

Кастрычніцкая плошча агароджаная турнікетамі, каля якіх дзяжураць працаўнікі міліцыі. Актывісты БРСМ ладзяць канцэрт ля Палацу рэспублікі. Людзей туды прапускаюць, пасля праверкі торбаў.

belsat.eu

Стужка навінаў