Спынены экспарт расейскай электраэнергіі ў Беларусь


Расейскае ААТ “Интер РАО ЕЭС” апоўначы 29 чэрвеня спыніла экспарт электраэнергіі ў Беларусь. Прычына – адсутнасць чарговай выплаты на 600 млн расейскіх рублёў ($ 21,3 млн) дзеля вяртання запазычанасці.

“На 22.00 аўторка плацеж не паступіў. Мы пацвярджаем, што апоўначы 29 чэрвеня часова цалкам абмяжоўваем экспарт электраэнергіі ў Беларусь. Чакаем паступлення плацяжу найбліжэйшымі днямі”, – падае РІА “Новости” словы прадстаўніка кампаніі.

Урад Расеі чакае, што Менск верне доўг за спажытую электраэнергію самым блізкім часам і яе экспарт у краіну будзе ажыццяўляцца ў нармальным рэжыме, заявіў журналістам у Маскве 28 чэрвеня віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Сечын. Ён адзначыў, што доўг Беларусі за экспарт электраэнергіі ад сакавіка да траўня складае каля 1,2 млрд расейскіх рублёў і за чэрвень можа вырасці яшчэ на 400 млн.

Сечын таксама паведаміў, што паводле стану на 24 чэрвеня Беларусь пералічыла кампаніі “Интер РАО ЕЭС” каля 8 млн рублёў, ці 1,3 % ад наяўнага доўгу.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі сітуацыі не каментуюць.

Доля расейскай электраэнергіі складае 12 % у балансе дзённага энергаспажывання краіны. Электраэнергія, што выпрацоўваецца ў Беларусі, даражэйшая за атрыманую з Расеі, бо для яе вытворчасці практычна паўсюдна выкарыстоўваецца прыродны газ, што набываецца ў Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў