Маладафронтаўцы знайшлі памылкі на грошах


Актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту” звярнуліся ў Нацыянальны банк краіны з прапановаю выправіць памылкі на грашовых банкнотах згодна з новымі правіламі беларускай арфаграфіі.

Паводле новых правілаў, якія дзеюць з 1 верасня, лічэбнік 50 трэба пісаць праз літару “я” – пяцьдзясят , аднак на купюрах пакуль што напісана “пяцьдзесят рублёў”, зазначаюць актывісты.

“Вы ж разумееце, што ў момант замяніць увесь наклад 50-рублёвых банкнотаў немагчыма”, – пракаментаваў ініцыятыву маладафронтаўцаў кіраўнік прэс-службы Нацбанку Анатоль Драздоў.

Паводле Анатоля Драздова, пакуль насельніцтва Беларусі будзе карыстацца грашыма са старога запасу. А вось зашмальцаваныя купюры, што вымаюцца з абароту, будуць мяняць на новыя, без памылак, тлумачыць прэс-сакратар Нацбанку.

Як паведаміла “Белсату” ананімная крыніца з Беларусбанку, “з улікам таго, што друкарка і так працуе на ўсю моц, замяніць усе грошы з памылкамі на новыя рэальна цягам 4–5 гадоў”.

belsat.eu

Стужка навінаў