Беларусы змогуць увозіць тавары на 10 000 еўраў?


Краіны-ўдзельніцы Мытнага саюзу дамовіліся пра тое, што грамадзяне Расеі, Беларусі ды Казахстану змогуць бязмытна ўвозіць тавары для асабістага карыстання на суму 10 000 еўраў. Гэта ў сем разоў больш, чым цяпер.

Паводле інфармацыі расейскага выдання “Ведомости”, змены закрануць толькі кошт тавараў на ўвоз, абмежаванне паводле вагі застанецца ранейшае – 50 кг. Акрамя таго, увозіць тавары паводле новых правілаў змогуць толькі фізічныя асобы – і толькі ў тым выпадку, калі яны падарожнічаюць паветраным транспартам.

Рашэнне павялічыць дазволены кошт тавараў, што ўвозяцца для асабістага карыстання, плануюць прыняць на наступным паседжанні камісіі Мытнага саюзу, якое адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня.

Як правіла, рашэнні камісіі Мытнага саюзу пачынаюць дзеяць праз месяц пасля прыняцця. Такім чынам, ліміт кошту тавараў на ўвоз могуць павялічыць ужо ў жніўні. У Дзяржаўным памежным камітэце інфармуюць: “На гэты момант на тэрыторыю Мытнага саюзу дазваляецца бязмытна ўвозіць тавараў не больш як на 1500 еўраў і вагою да 50 кг. Калі пакупкі не адпавядаюць нормам, неабходна заплаціць мыта – 30 % мытнага кошту тавару, але не менш як 4 еўра за 1 кг”. Гэтай навіны пакуль не каментуюць у Мытным камітэце Беларусі, спасылаючыся на тое, што беларускі бок падаў адпаведныя дакументы ў Маскву на гэтым тыдні, таму іх уважліва яшчэ не разгледзелі.

Але ўжо вядома, што новаўвядзенне мае прыхільнікаў. Станоўчае рашэнне Мытнага саюзу ў гэтым пытанні вітаюць, напрыклад, прадстаўнікі турыстычнага бізнесу. Менеджар турагенцтва “Актам” Юлія Стрыжак адзначае: “Гэта пазбавіць турыстаў ад лішняга клопату. Бо цяпер людзі вымушаныя пры набыванні дарагіх тавараў прасіць квіток з меншаю сумаю або хаваць тавар, каб не пераплачваць за яго размытненне”. Аднак беларускія вытворцы акурат выступаюць супраць. Новы парадак найхутчэй выкліча наплыў “чаўнакоў” і спад попыту на тутэйшую прадукцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў