Стаць у чаргу ў аўтазак


У сацыяльных сетках абмяркоўваецца новы фармат “маўклівых акцыяў”. Арганізатары заклікаюць дэманстрантаў аб’ядноўвацца і парамі падыходзіць да аўтазакаў самастойна.

“Як толькі пад’язджае аўтазак (ці міліцэйскі аўтобус), каб распачаць затрыманні, усе, хто не баіцца, шыхтуйцеся ў чаргу да гэтага аўтазака. Да пачатку затрыманняў пачынаем пляскаць у далоні ды смяяцца. Людзі пабачаць, што страху няма. Дзясяткі тых, хто не баіцца, пакажуць тысячам тых, хто сумняваецца, што нас больш, чым у іх аўтазакаў”, – пішуць арганізатары ў суполцы ў “Facebook”.

Падобныя акцыі з чэргамі да аўтазакаў практыкавалі палякі за часам “Салідарнасці”. У Вроцлаве ладзілі адмысловую акцыю “гномаў”, калі дэманстранты выйшлі на вуліцы гораду ў чырвоным адзенні – колеры камуністаў – і пасля прыезду мясцовых сілавікоў бралі адзін аднаго пад рукі ды заводзілі ў аўтазакі. Як вынік, паліцыя была разгубленая і не ведала, што рабіць. А дэманстранты пазбавіліся страху выходзіць на вуліцы гораду і выказваць пратэст.

У свой час беларусы спрабавалі лакальна скарыстацца з гэткай тактыкі. Распавядае ўдзельнік суполкі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” Андрэй Цвярко: “Аднойчы да нашай кампаніі, якая адзначала свята на прыродзе, пад’ехала міліцэйская машына. У той час у СССР быў “сухі закон”. Міліцыянты пачалі набліжацца да нас, тады я прамовіў: “Пабеглі ў бобік!”, і ўсе мае сябры пабеглі за мною. Міліцыянты былі моцна здзіўленыя, не ведалі, што з намі рабіць, таму пачалі патрабаваць, каб мы пакінулі салон аўта”.

Моладзевы актывіст Франак Вячорка мяркуе, што ў акцыі трэба дадаваць новыя элементы, каб яны набывалі размах. “Дагэтуль улады самі спрыялі ўдзельнікам. Нас выціскалі – і калона пачынала рухацца. Чарга ў аутазак – выдатная ідэя. Далёка не ўсе захочуць туды трапіць, але нават адной такой чаргі, і нават аднаго здымку хопіць, каб людзі смяяліся. У Польшчы памаранчавая альтэрнатыва гэтак высмейвала ўлады, гэта было на руку тым, хто змагаўся з уладамі”, – лічыць актывіст.

belsat.eu

Стужка навінаў