Польшча: акцыя салідарнасці з Пачобутам


У Варшаве ля будынку амбасады Беларусі адбылася акцыя з патрабаваннем вызваліць гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута. Арганізатарамі выступілі выданне “Gazeta Wyborcza”, дзе працуе Пачобут, а таксама варшаўскі фонд “Свабода і дэмакратыя”.

Як паведаміў сакратар фонду Марэк Буцька, акцыя прымеркаваная да магчымага вынясення прысуду Пачобуту сёння ў Горадні (ужо пасля пачатку стала вядома, што судовыя слуханні ў справе Пачобута перанеслі на 5 ліпеня) Паводле словаў Буцькі, удзельнікі акцыі імкнуцца прыцягнуць увагу кіроўцаў і спадзяюцца, што тыя будуць сігналіць, праязджаючы паўз беларускую амбасаду. Акрамя таго, да ўдзелу ў акцыі прыцягваюцца мінакі.

Уласны карэспандэнт выдання “Gazeta Wyborcza” ў Горадні Андрэй Пачобут абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта Беларусі) і ч. 1 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта) за публікацыі ў выданні “Gazeta Wyborcza”, на сайце “Беларускі партызан” і ў блогу “Жывога журналу”. Сваёй віны журналіст не прызнае.

Ад 6 красавіка Пачобут застаецца пад вартаю. Судзяць яго ў закрытым рэжыме.

Вызвалення беларускага журналіста патрабуюць праваабаронцы, улады Польшчы, Еўразвязу і ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў