За тэракт у метро звольнілі двух генералаў міліцыі


Леанід Фармагей ладзіў разгоны апазіцыйных акцыяў у Менску, а Вячаслаў Яўстаф’еў – ініцыяваў масавае абсталяванне сістэмамі відэаназірання вуліцаў беларускіх гарадоў. Учора Лукашэнка падпісаў адмысловыя ўказы, паводле якіх Яўстаф’еў звольнены з органаў унутраных справаў у запас узброеных сілаў паводле ўзросту, а Леанід Фармагей больш не будзе ачольваць міліцэйскае ўпраўленне пры Менгарвыканкаме, пакуль што ён залічаны ў распараджэнне міністра ўнутраных справаў. Прычына адставак – недасканалае расследаванне выбухаў у Віцебску і Менску.

Леанід Фармагей пачынаў кар’еру ў сталічным ДАІ. Пазней яго перавялі ў Віцебск, дзе ён ачольваў абласное ўпраўленне ўнутраных справаў. Там, дарэчы, міліцэйскі начальнік вызначыўся неардынарнымі захадамі прадухілення злачыннасці. Менавіта ён увёў “каменданцкі час” для продажу алкаголю. А падчас “Славянскага базару” ён прапанаваў паставіць як рэгуліроўшчыц прыгажунь Віцебску на кожным скрыжаванні – вядома, што гэтую ідэю ў свой час упадабаў прэзідэнт. Апошнія тры гады Фармагей кіраваў сталічнай міліцыяй.

Апроч абвінавачання яго ў сур’ёзных хібах падчас арганізацыі расследавання аб тэрактах, яму паставілі ў віну неэфектыўную ахову сталічнага метрапалітэну, з-за чаго стала магчымым пранікненне групы маладых людзей на станцыю “Маскоўская” ўначы 29 траўня.
Паводле старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага Фармагей меў наўпроставае дачыненне да разгону апазіцыйных акцыяў і мітынгаў. “У 2009 г. з экранаў тэлевізараў ён заяўляў, што на Дзень Волі выйшлі п’яныя хуліганы – апазіцыянеры. Падчас Еўрапейскага маршу ён непасрэдна аддаваў загады падначаленым аб разгоне дэманстрантаў. А цягам працы ў сталічным ДАІ ён сам курыраваў сітуацыю на дарогах падчас мітынгаў. Дарэчы, Леанід Фармагей – ужо сталы ўдзельнік “спісу неўязных” у краіны ЕЗ”, – паведамілі ў праваабарончым цэнтры.

Генерал-маёр Яўстаф’еў у свой час таксама быў начальнікам Віцебскага абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў, а да гэтага шмат гадоў працаваў на пасадзе следчага. Апошнія чатыры гады ён кіраваў транспартнаю міліцыяй. Быў ініцыятарам масавага абсталявання вуліцаў і стратэгічных аб’ектаў камерамі відэаназірання.

Сусветная практыка паказвае, што ў выпадках тэрактаў да адказнасці найперш прыцягваюць сілавікоў. Дагэтуль адстаўкі ў Беларусі закраналі людзей, якія толькі ўскосна маглі паўплываць на магчымага злачынцу. Нагадаем, што былі таксама звольненыя старшыня метрапалітэну, старшыня віцебскага заводу, дзе працаваў падазраваны ў здзяйсненні тэракту, а таксама паставыя міліцыянты і працаўнікі метрапалітэну.

belsat.eu

Стужка навінаў