Суд на Пачобутам: працяг (абноўлена)


11:22
Журналіст тэлеканалу “Белсат” Павал Мажэйка: “Гэта вайна рэпрэсіўнай машыны супраць адной асобы – асобы нязгоднай. Асобы, што мае смеласць дэманстраваць сваю нязгоду, і гэта асабліва нервуе ўлады. На жаль, найхутчэй вырак будзе жорсткі, хоць Андрэй Пачобут не зрабіў нічога, за што можа несці крымінальную адказнасць. Нельга журналіста судзіць за слова”.

11:20
Маці Андрэя Пачобута: “Майго сына пераследуюць за тое, што ён актывіст Саюзу палякаў і журналіст. Калі ў Еўразвяз не пусцілі журналістаў дзяржаўных медыяў, Лукашэнка абураўся: маўляў, гэта зрабілі за тое, што яны пішуць, а журналіст мае права пісаць праўду. Мой сын пісаў праўду – і яго за гэта судзяць”.

11:15
Вырак Пачобуту будзе абвешчаны 5 ліпеня а 10-й гадзіне. На працэсе з апошнім словам паспелі выступіць адвакаты журналіста, яны просяць прызнаць Андрэя Пачобута невінаватым, звяртаюць увагу на шматлікія парушэнні падчас расследавання справы – ад самага затрымання. Абарона таксама звярнула ўвагу на тое, што ў якасці экспертаў на працэсе выступаюць залежныя дзяржслужбоўцы – працаўнікі ідэалагічнага аддзелу. Андрэй Пачобут скажа апошняе слова ў дзень абвяшчэння выраку.

10:30
Каля будынку суда сабраліся каля 60 чалавек – гэта родныя, блізкія, паплечнікі Андрэя Пачобута, журналісты і праваабаронцы. У будынак нікога не пускаюць.

У судзе Ленінскага раёну Горадні аднавіўся працэс над журналістам Андрэем Пачобутам. Пракурор патрабуе для яго 3 гады калоніі агульнага рэжыму за паклёп і абразу прэзідэнта.

Судовае паседжанне адбываецца ў закрытым рэжыме. Ад 6 красавіка журналіст “Gazety Wyborczej” застаецца пад арыштам. Раней Андрэй Пачобут заяўляў, што не прызнае сябе вінаватым, а ў ягоных артыкулах няма ні паклёпу, ні абразаў Лукашэнкі. “Так, у маіх публікацыях ёсць крытыка Лукашэнкі. Можа быць, крытыка і жорсткая, але абразаў я не дапускаў”, – заявіў журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў