Лукашэнка загадаў стварыць нацыянальную малочную кампанію


Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам прыватных прадпрыемстваў «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт» у Берасці.

Як паведамілі ва ўпраўленні інвестыцыяў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, кампанію плануюць стварыць на базе найбольш паспяховых малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. «Першымі ў нацыянальную кампанію будуць уваходзіць «Савушкін прадукт», Бярозаўскі сыраробчы камбінат, Кобрынскі масласырзавод, Лунінецкі малочны завод і Менскія малочныя заводы № 1 і № 2. Сукупны аб’ём перапрацоўкі малака летась на гэтых прадпрыемствах дасягнуў 1 мільёна тонаў. Нацыянальная кампанія, як загадаў прэзідэнт, павінна быць створаная да канца бягучага года», – адзначыў старшыня ўпраўлення Уладзімір Ханда.

На сустрэчы Лукашэнка адразу патлумачыў бізнесоўцам: «Канкураваць у Беларусі можаце свабодна, экспарт – гэта ўжо будзем вырашаць мы». Такім чынам, продаж прадукцыі найбольш паспяховых прадпрыемстваў за мяжу цяпер будзе курыраваць дзяржава. На меркаванне эканамісткі Ірыны Урбан, такое ўмяшанне ўладаў парушае прынятыя раней дакументы, асабліва апошнюю дырэктыву «Аб лібералізацыі эканомікі»: «У склад будучай нацыянальнай кампаніі ўваходзяць прадпрыемствы з прыватным капіталам. На якіх падставах дзяржава будзе рэгуляваць іх фінансавыя аперацыі? Відавочна, што ўлады зацікаўленыя кантраляваць прыход валюты ў краіну, бо апошнім часам мяса-малочныя прадпрыемствы добра сябе зарэкамендавалі на рынках бліжэйшага замежжа. Да таго ж чыноўнікі будуць вызначаць, па якім кошце за мяжу пойдзе беларуская прадукцыя».

belsat.eu

Стужка навінаў