Скандал з бел-чырвона-белым сцягам у Польшчы


Заўзятараў выгналі з чэмпіянату Еўропы па баскетболе за бел-чырвона-белыя сцягі. Інцыдэнт адбыўся ў польскім горадзе Быдгашч падчас матчу Літва-Беларусь.

Як напісаў на старонцы аматараў гораду адзін з відавочцаў, супрацоўнікі ахоўнай фірмы выкінулі балельшчыкаў са спартовага комплексу “Лучнічка” за тое, што яны трымалі бел-чырвона-белы сцяг. Гэта здарылася 25 чэрвеня.

Алесь Аляхновіч адзін з заўзятараў, якому давялося пакінуць матч, распавёў “Белсату”, што бел-чырвона-белы сцяг, што быў большы па памерах, яны вывесілі яшчэ перад пачаткам матчу. Аднак на просьбу прадстаўніка афіцыйнай дэлегацыі з Беларусі арганізатары яго знялі. Заўзятары дасталі меншыя сцягі, якія трымалі ў руках.

Падчас перапынку да іх звярнуліся супрацоўнікі ахоўнай фірмы, якія патлумачылі, што маюць загад – на матчы не павінна быць неафіцыйнай сімволікі. Завязалася спрэчка, польскія заўзятары, у тым ліку супрацоўнік пракуратуры, усталі на бок беларусаў. Аднак у выніку сямёра ахоўнікаў сілаю вывелі з матчу траіх беларусаў.

Заўзятары маюць намер звярнуцца ў пракуратуру і да дырэкцыі Міжнароднай федэрацыі баскетбольных асацыяцыяў (ФІБА), адказнай за правядзенне чэмпіянату. Подпісы збіраюць праз Фэйсбук.

У матчы беларусы прайгралі літоўцам з лікам 50:68. Наступны мае прайсці у польскім горадзе Лодзь. З кім будзе гуляць Беларусь, пакуль невядома.

belsat.eu

Стужка навінаў