У перадвыбарны год пенсіі павялічваюцца ўдвая хутчэй


З 1 лістапада дапамога пенсіянерам падрасце прыблізна на 55 тысяч рублёў.
Паводле ўказу прэзідэнта, з наступнага месяца ў краіне павялічваецца памер працоўных і сацыяльных пенсіяў. У сярэднім рост складзе 10%. Гэта каля 55 тысяч рублёў. Цяпер сярэдняя працоўная пенсія дасягне 611 тысяч рублёў – $204 у эквіваленце.

З пачатку 2005 года пенсіі ў Беларусі павышаліся 13 разоў. З іх ажно шэсць павышэнняў прыпалі на два перадвыбарчыя гады. Прычым перадвыбарчыя 2005 і 2010 гады б’юць усе рэкорды – 33% і 35% росту адпаведна. За астатні час сярэдні паказнік не перавышае 19%, нават калі не браць пад увагу відавочна правальны крызісны год.

Пачынаючы з 2006 года тэмпы росту пенсіяў штогод запавольваліся – каб ізноў “грымнуць” у перадвыбарчы 2010 год. Сёлета дапамога павялічылася ўжо тройчы. Шчаслівымі для пенсіянераў сталі студзень, жнівень і лістапад.

Паводле намесніцы міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціны Каралёвай, у апошні час на пенсіі ішло 10% ад сукупнага ўнутранага прадукту краіны. На павышэнні давядзецца штомесяц вылучаць дадатковыя $45 мільёнаў.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” эканаміст Сяргей Чалы падкрэсліў, што сумняецца ў абгрунтаванасці такіх тэмпаў павелічэння пенсіяў. “Пенсіі павышаюць перад выбарамі, каб задобрыць электарат. А таксама каб не адставаць ад тэмпу росту заробкаў, урад жа паабяцаў сярэднюю зарплату давесці да $500. Але гэтыя павышэнні не абгрунтаваныя эканамічна і нават шкодныя для развіцця краіны”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары