Пятля галечы


Кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч заявіў, што сельскай гаспадарцы не стае 6 трлн рублёў, каб выйсці хоць бы на працу з нязначнымі стратамі. Але запэўнівае, што абвальнага падвышэння коштаў на харчы не будзе.

“Рэзкага ўздыму коштаў не мае быць. Будзем старацца, каб яго не было наогул”, – супакойваў Міхаіл Мясніковіч 24 чэрвеня працаўнікоў прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Паводле яго, рэнтабельнасць вытворчасці большасці відаў сельгаспрадукцыі мінусавая. Напрыклад, рэнтабельнасць ялавічыны – мінус 10 %, малака – мінус 12 %, тварагу ды смятаны – больш як мінус 7 %. Страты спрабуюць перакрываць за кошт экспарту, але пакуль гэта не вельмі атрымліваецца, прызнаў беларускі прэм’ер.

“Сельская гаспадарка краіны атрымлівае каласальныя датацыі, але ўсё адно застаецца стратнаю”, – заўважае незалежны эканаміст Міхаіл Залескі. Ён зазначае, што дзякуючы падзенню беларускага рубля экспарт сельгаспрадукцыі стаў вельмі выгадны, але гэта можа прывесці да яе дэфіцыту на ўнутраным рынку: “Паглядзіце, на Камароўцы ялавічына ўжо каштуе як ікра – 80 тысяч за кілаграм. Але яе ўсё адно няма, бо вытворцам яе выгадней прадаваць у тую ж Расею”.

Эканаміст гаворыць, што ўнутраны харчовы рынак чакае тая ж сітуацыя, што і рынак валюты – дэ-юрэ даляр ды еўра не даражэюць, але ў абменніках яны ўсё адно не з’яўляюцца. Тое ж будзе і з крамамі – кошты будуць стаяць на месцы, а малако, мяса, смятана і тварог ды часнык будуць знікаць з іх паліцаў.

Каб выправіць сітуацыю, неабходна рабіць кошты, як у суседніх краінах, гаворыць спадар Залескі. Аднак беларусы з нізкаю пакупніцкаю здольнасцю новых коштаў не пацягнуць, і ўраду зноўку давядзецца падвышаць заробкі, што справакуе падвышэнне попыту і новы рост коштаў, дадае эканаміст. “Вось гэта і ёсць пятля галечы, у якую трапіла краіна, дзякуючы савецка-калгаснаму стылю кіравання эканомікаю”, – падсумоўвае Міхаіл Залескі.

belsat.eu

Стужка навінаў