“Колькі здадуць – столькі можна будзе набыць”


Атрыманы Беларуссю першы транш стабілізацыйнага крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 800 млн долараў ЗША будзе накіраваны на ўмацаванне золатавалютных рэзерваў краіны, а не ў абменнікі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 24 чэрвеня на сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства “Івацэвічдрэў”.

Як паведамляе прэс-служба ўраду, Мясніковіч адзначыў, што валюта для насельніцтва будзе, калі яна спатрэбіцца на лячэнне, камандзіраванне ды іншыя неадкладныя задачы. Продаж валюты прыватным асобам будзе ажыццяўляцца ў аб’ёмах куплі валютных сродкаў у насельніцтва. Мясніковіч праінфармаваў, што ў сёлета ў траўні насельніцтва здало ў абменнікі больш за 200 млн долараў, набыло – 150–160 млн долараў.

Кіраўнік ураду таксама заявіў, што сёння ў Беларусі для вытворчай сферы практычна няма праблемаў з валютаю, бо прадпрыемствы ці самі экспартуюць, ці працуюць у кааперацыі з экспарцёрамі.

Даводзіцца прымаць рашэнні “і ў ручным рэжыме”, адзначыў Мясніковіч. Напрыклад, гэта тычыцца набыцця рыбы, рысу, іншых тавараў, якія ў нашай краіне не вырабляюцца ці вырабляюцца ў недастатковай колькасці. Для гэтага ствараюцца “падушкі бяспекі”, якія дазваляюць развязаць пытанні ў сувязі з цяжкасцямі канвертацыі.

Разам з тым прэм’ер-міністр адзначыў, што ў цэлым становішча ў краіне сёння ў прынцыпе нармальнае. Эканоміка актыўна развіваецца, актывізаваўся экспарт, чаму шмат у чым спрыяла дэвальвацыя нацыянальнай валюты. “Прыемна адзначыць, што апошнімі месяцамі значна палепшылася сальда гандлю таварамі ды паслугамі”, – сказаў Мясніковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў