Мірзаянаў: Kаталізатар пераменаў у грамадстве – моладзь


Як распавяла «Белсату» маці вязня Людміла Мірзаянава, Фёдара па-ранейшаму трымаюць у СІЗА на вул. Валадарскага. І як запэўніла жанчыну сёння адміністрацыя турмы, у бліжэйшыя тры дні этапу ў калонію не будзе. Разгляд касацыйнай скаргі ў справе, дзе разам з Фёдарам Мірзаянавым праходзяць Андрэй Саннікаў, Уладзімір Яроменак, Алег Гнедчык ды Ілля Васілевіч, прызначаны на 15 ліпеня.

Людміла Мірзаянава адзначае, што нягледзячы на зняволенне яе сын жыве актыўным жыццём: чытае шмат газетаў і сур’ёзную эканамічную літаратуру, што перадала свайму падшэфнаму Аб’яднаная грамадзянская партыя. «Фёдар лічыць, што менавіта моладзь стане каталізатарам пераменаў у нашым грамадстве. А яшчэ адзначае, што сёння ўсё больш людзей у Беларусі пачынаюць разумець, што галоўная прычына крызісу месціцца на вуліцы Карла Маркса [адрас Адміністрацыі прэзідэнта – «Белсат»]», – цытуе вытрымкі з апошняга ліста сына Людміла Мірзаянава.

«Гэта вельмі сімвалічна, што Адміністрацыя прэзідэнта месціцца на скрыжаванні вуліцаў ягоных куміраў – Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. Мая прапанова – у абноўленай Беларусі перайменаваць іх у вуліцы сусветна вядомых эканамістаў Адама Сміта і Людвіга фон Мізэса», – не губляе ў турме пачуцця гумару юнак.

Студэнт трэцяга курсу Беларускага эканамічнага ўніверсітэту Фёдар Мірзаянаў за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на тры гады зняволення. У якасці месца пакарання палітвязню прызначылі папраўчую калонію № 22 у Івацэвічах (Берасцейская вобласць). Пісаць касацыйную скаргу на прысуд юнак адмовіўся, заявіўшы, што разгляд яе будзе фармальным, таму дастаткова скаргі адваката. У адным са сваіх лістоў ён напісаў, што зняволенне – гэта «іспыт, які трэба прайсці». «Я разумею, што гэта помста. Помста людзей, якія баяцца адкрытасці, свабоды і канкурэнцыі. Мы не зламаліся. Мы не пагадзіліся стаць такімі, як яны. І вось мы ў турме. Я да гэтага гатовы. Мне толькі горка і сумна, што пакутую не адзін я», – напісаў Фёдар і выразіў упэўненасць, што выйдзе на волю раней, чым яму прызначыў суд.

belsat.eu

Стужка навінаў