Дзяржкантроль на баку абітурыентаў


Пасля кантрольных праверак цэнтралізаванага тэставання старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон выступіў з прапановаю, каб абітурыенты здавалі чатыры тэсты і пасля самыя абіралі найлепшыя вынікі ды паступалі ў ВНУ.

Цяпер беларускім абітурыентам дазваляецца здаць тры тэсты пры паступленні. Аднак на некаторыя сумежныя спецыяльнасці патрабуюцца веды па іншых прадметах. Такім чынам, калі чалавек здаў адзін з тэстаў дрэнна, у яго аўтаматычна губляецца шанец паступіць ва ўніверсітэт ці каледж. «Калі школьнікі будуць здаваць на адзін тэст больш, у іх будзе рэзерв, – мяркуе Аляксандр Якабсон. – Тады па выніках яны будуць мець большы выбар навучальных установаў і спецыяльнасцяў, куды іх дакументы могуць прыняць». На меркаванне чыноўніка, для дзяржавы гэта не прынясе вялікіх стратаў: «Тэставанне ў Беларусі платнае, таму большасць выдаткаў бяруць на сябе абітурыенты ды іхнія бацькі, таму тут фінансавых чыннікаў быць не павінна».

Шэсць гадоў таму ва ўніверсітэты прымалі вынікі рэпетыцыйнага тэставання, яно было платным. А ў асноўны дзень тэставанне праходзіла за бюджэтныя сродкі. Намесніца дырэктара сталічнай гімназіі № 10 Ала Томчанка мяркуе, што тады ў школьнікаў было больш шанцаў на паспяховую здачу. «Хоць сістэма цэнтралізаванага тэставання ў Беларусі працуе даўно і зладжана, нашыя дзеці яшчэ не прывыклі цалкам да такой формы іспытаў. Бо ў школах і гімназіях праверка ведаў праходзіць у іншым рэжыме: вусныя ці пісьмовыя разгорнутыя адказы. У выніку, калі чалавек разгубіўся ў дзень тэставання, ён можа дрэнна здаць іспыт. Таму абітурыенты так часта і называюць яго не экзаменам, а латарэяй. Дадатковы тэст сапраўды можа пашырыць выбар спецыяльнасцяў для будучых студэнтаў».

У Міністэрстве адукацыі абяцаюць разгледзіць прапанову Камітэту дзяржаўнага кантролю на бліжэйшай калегіі.

belsat.eu

Стужка навінаў